Палітзняволены Павел Ракоца цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю

Прычынай для абвінавачвання Паўла Ракоцы ў распальванні сацыяльнай варожасці маглі стаць ягоныя антываенныя каментары ў сацсетках. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Паўлу 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Як паведамляе «Гомельская Вясна», цяпер палітвязень выйшаў на волю.

22.09.2023 / 16:09

Павел — жыхар Гомеля, вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Актыўны гулец у квіз.

З пачатку вайны ва Украіне Павел на сваёй старонцы «Вконтакте» рэзка выказваўся супраць вайны. У той час ён знаходзіўся на тэрыторыі Расіі.

Ён быў затрыманы 14 ліпеня 2022 года пасля прыезду ў Беларусь. Перад тым, як ехаць у Беларусь, сябру сказаў: «Калі я не выйду на сувязь, значыць мяне затрымалі». Спачатку Паўла ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ у Мінску, а праз пару тыдняў перавялі ў гомельскі СІЗА-3.

У Гомельскім абласным судзе 15 лютага 2023 года над Паўлам абыўся суд. Судзіў яго суддзя Гомельскага абласнога суда Сотнікаў Анатоль па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса РБ (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 КК РБ (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады) і прысудзіў Паўлу 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя. 

22 траўня 2023 г. стала вядома, што палітзняволенага перавялі ў ПК № 1, што ў Наваполацку Віцебскай вобласці. А цяпер ён выйшаў на волю, адбыўшы ўвесь тэрмін.

Чытайце таксама:

У Гомелі прайшлі затрыманні банкаўскіх работнікаў

Затрымалі сямейную пару — яны трапілі ў кадр фільма «Хронікі сучаснасці» Мікалая Мамінава

У Пецярбургу затрымалі прызыўніка, які збег з Беларусі ад войска

Nashaniva.com