Якія прэм'еры чакаюць гледачоў Мінска ў новым тэатральным сезоне

Прадстаўнікі беларускіх тэатраў краіны распавялі, якія прэм'еры чакаюць гледачоў у 2023-2024 гадах.

24.09.2023 / 16:54

Опера «Набука» вяртаецца на сцэну Вялікага тэатра. Фота: SB.by

Па словах мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Сяргей Кавальчыка, у іх установе робіцца вялікая стаўка на ўдалыя дэбюты маладых рэжысёраў. Гледачы змогуць пабачыць пяць прэм'ер: «Маскарад» Лермантава (рэжысёр-пастаноўшчык Дэвід Разумаў), «Дробны бес» Салагуба (рэжысёр-пастаноўшчык Марыя Матох), дзіцячы спектакль па казках Пушкіна, «Анфіса» Андрэева да юбілею рэжысёра Валянціны Ераньковай і праект «І няма сіл на цябе забыцца», заснаваны на сцэнарах Галіны Злабенка.

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ідзе шчыльная праца над спектаклем «Двор майго дзяцінства» рэжысёра Данііла Філіповіча, прэм'ера якога плануецца ў снежні. Таксама ў новым тэатральным сезоне гледачы змогуць наведаць спектаклі «А зоры тут ціхія», «Гэтае цудоўнае жыццё», «Радавыя» і іншыя пастаноўкі. Тэатральная трупа выправіцца ў гастролі ў Расію, а таксама па рэгіёнах краіны.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр парадуе гледачоў спектаклямі «Барані мяне любімая», «Шалом алейхем! Мір вам, людзі!», «Кот у ботах» і «Небяспечныя сувязі». Кастрычнік, лістапад і снежань стануць для тэатра гастрольнымі месяцамі.

У тэатры-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» адбудзецца прэм'ера спектакля» «Радавыя» паводле п'есы Аляксея Дударава, камедыі «Новага жыцця ніхто не абяцаў», мюзікла «Рабаванне апоўначы» і спектакля «Без віны вінаватыя».

Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача парадуе прэм'ерай спектакля «Навальніца», заснаваным на п'есе рускага пісьменніка Аляксандра Астроўскага. «Нам хочацца зарадзіць у новым юным гледачы любоў да класічных твораў», — адзначыла рэжысёрка тэатра Таццяна Самбук. Яна дадала, што ў тэатры адбудзецца прэм'ера спектакляў «Дзядзечка Ау» і «Белая ноч» паводле Дастаеўскага, якія будзе ставіць маладая рэжысёрка з Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. 

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў снежні пройдзе прэм'ера балета «Ілюзіі кахання» Ігара Колба і спектакль «Іаланта», які раней быў у рэпертуары тэатра, але не ішоў некалькі сезонаў. У сакавіку Валянцін Елізар'еў рыхтуе прэм'еру балета «Папялушка», а ў канцы тэатральнага сезона выйдзе грандыёзная опера Джузэпэ Вердзі «Набука».

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца адна з галоўных прэм'ер сезона: спектакль, які стане працягам пастановак «Шлюб з вятрам» і «Пачупкі». Назва спектакля не раскрываецца, але яго паказ мае адбыцца ў снежні. Па словах прэс-сакратаркі тэатра Жанны Гурынай, усе тры часткі гісторыі — гэта беларускі фальклор у сучаснай апрацоўцы з моцным візуальным складнікам.

Nashaniva.com