«Вы проста афігееце, што ў нас такое ёсць». Сябры-фатографы стварылі кнігу аб прыгажосці беларускай прыроды
Акрамя захапляльных фота, у альбоме можна знайсці гісторыі пра вандроўкі і геалакацыю месцаў, якія варта наведаць.
25.09.2023 / 13:41
Фота: інстаграм праекта
Стваральнікі праекта «Кут» захапляюцца фатаграфіяй з дзяцінства. Слава Мазай пачаў здымаць яшчэ ў школе — хлопчыкам ён наведваў вячэрнія курсы фатаграфіі. У хуткім часе хобі перарасло ў майстэрства: цяпер адна з яго работ апублікаваная ў часопісе National Geographic.
Яго паплечнік, Лёша Вугальнікаў, зрабіў першыя кадры разам з бацькам, уласная камера з'явілася ў хлопца пазней: ён купіў яе ў ЗША, дзе апынуўся ў студэнцтве. На яе былі зроблены першыя якасныя здымкі: знакаміты чырвоны мост у Сан-Францыска і іншыя краявіды горада.
Калі ў сяброў назапасілася дастатковая колькасць фатаграфій родных мясцін, прыйшла ідэя зрабіць кнігу пра Беларусь. Першапачаткова фармат задумваўся іншым: хлопцы планавалі зрабіць класічны альбом з удалымі кадрамі, але неўзабаве праект пашырыўся — да здымкаў дадаліся гісторыі з паездак.
«У дзяцінстве я любіў часопіс «Рыбалоў» і асабліва рубрыку «Гісторыі». Там расказвалася, як прыяцелі хадзілі на рыбалку. Магчыма, людзям будзе цікава даведацца, як і мы знайшлі мясціны для фота, як там захрасалі і як потым адтуль выбіраліся», — тлумачыць Аляксей у промароліку пра кнігу.
Каб зрабіць некаторыя фота, аўтарам даводзілася ўставаць у тры раніцы, а за ўдалымі кадрамі палявалі па ўсёй краіне. Слава кажа:
«Беларуская прырода добрая тым, што яна багатая на вобразы. У кнізе вы ўбачыце шмат новых месцаў і афігееце, што ў нас такое ёсць».
Фота: інстаграм праекта
У першапачатковы варыянт альбома ўвайшло 600 кадраў, але і гэтую колькасць прыйшлося скараціць удвая — усе здымкі трэба было змясціць на 550 старонках.
На дапамогу прыйшлі сябры і знаёмыя фатографаў: некалькі тыдняў яны дапамагалі адбіраць кадры, якія неўзабаве пайшлі ў друк. Так агульнымі намаганнямі з'явілася кніга «Кут».
Фота: інстаграм праекта
«Кут» дапамагае ўбачыць прыгажосць Беларусі не толькі на фатаграфіях — ля выяў пазначана геалакацыя, каб любы ахвотны змог самастойна з'ездзіць і атрымаць асалоду ад маляўнічых мясцін.
Тым, хто знаходзіцца ўдалечыні ад дому, кніга нагадае пра родныя мясціны. «Не ўсе могуць паехаць паглядзець світанак ці ўбачыць дзікіх жывёл. Але можна адчуць гэтыя ж эмоцыі і праз нашы фатаграфіі», — адзначае адзін з аўтараў праекта.
Фота: інстаграм праекта
Сёння выпушчана ўсяго 100 экзэмпляраў альбома, але хлопцы кажуць, што тыраж можа быць павялічаны ў залежнасці ад попыту. Набыць кнігу з фотаздымкамі Беларусі можна ў Варшаве і ва Уроцлаве або анлайн — праз сайт праекта.
Чытайце таксама:
Выйшла кніга «Круглая Square» Вала Клемэнта — іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі