Сталі вядомыя выракі відэааператару Вячаславу Лазараву і яго жонцы Таццяне Пыцько 

Як стала вядома БАЖ, віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго жонку Таццяну Пыцько — да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму.

25.09.2023 / 11:35

Такі вырак мужу і жонцы сёння, 25 верасня, агучыў суддзя Віцебскага абласнога суда Яўген Буруноў.

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, абаіх абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці.

Вячаслава Лазарава і ягоную жонку Таццяну Пыцько абвінавачвалі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», паведамляла «Вясна».

У СК трапіў архіў відэааператара, што захоўваўся на ягоных камп’ютарах і ў тэлефоне. Там знайшліся відэаздымкі, на якіх прысутнічала яго жонка Таццяна Пыцько. На думку следства, такім чынам яна ўдзельнічала ў працы экстрэмісцкага фарміравання.

Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым пасля ператрусу. 6 чэрвеня затрымалі Таццяну. 

Дачку Таццяны і Вячаслава, якой споўніўся год, адразу накіравалі ў дзіцячы шпіталь — так робіцца ў тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх сваякоў ці апекуноў, але пазней перадалі бабулі.

Nashaniva.com