Карпянкову споўнілася 55 гадоў, а ўказа Лукашэнкі няма

Паводле «Закона аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», максімальны ўзрост знаходжання на службе для генерал-маёра, якім ёсць Карпянкоў, 55 гадоў. Столькі яму споўнілася 6 верасня. Рашэнне аб далейшым працягу службы павінен прыняць Лукашэнка, але на ягоным сайце такога распараджэння пакуль не з'явілася. Але не з'явілася і распараджэння аб адстаўцы.

25.09.2023 / 17:01

Мікалай Карпянкоў — камандуючы ўнутранымі войскамі і адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 2020—2023 гадоў. Скрыншот з відэа СТБ

Раней у такіх сітуацыях на сайце Аляксандра Лукашэнкі публікаваліся распараджэнні аб працягванні службы генералам, якім спаўняецца 55 гадоў.

З адносна нядаўняга так было з Аляксандрам Барсуковым, Віктарам Лісоўскім ды іншымі. 

А вось з Карпянковым — цішыня. У такім выпадку, фармальна, Карпянкоў павінен сысці на пенсію.

Але на сайце Міністэрства ўнутраных спраў ён усё яшчэ значыцца кіраўніком унутраных войскаў, што можна разумець як сведчанне працягу службы. 

Карпянкову ў званні палкоўніка ўжо адзін раз дазвалялі працягнуць службу. Як расказваюць крыніцы «Нашай Нівы», тое адбылося са скрыпам і насуперак тагачаснаму кіраўніку Рады бяспекі Станіславу Засю. 

Зорны час Мікалая Карпянкова і ягонага галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС, якое вісела на валаску ад расфарміравання, прыйшоўся на 2020 год. 

Тады начальнік ГУБАЗіКа стаў адным з арганізатараў і выканаўцаў масавых рэпрэсій супраць беларускага народа. 

У выніку 19 лістапада 2020-га ён быў павышаны Лукашэнкам у кіраўнікі ўнутраных войскаў МУС. 

Імаверная пераможца прэзідэнцкіх выбараў 2020-га Святлана Ціханоўская, уладу якой Аляксандр Лукашэнка не перадаў, ініцыявала прызнанне ГУБАЗіК тэрарыстычнай арганізацыяй, але на міжнародным узроўні тэма развіцця не атрымала.

Чытайце таксама:

 Карпянкоў наведаў лагер вагнераўцаў

«Аддадзена каманда на зачысткі». Карпянкоў расказаў, як сілавікі рыхтуюцца змагацца з апазіцыяй

Карпянкоў пра апазіцыю: Шалёныя сабакі, якія заслугоўваюць толькі аднаго — смерці

Nashaniva.com