«Я не гатовая працаваць за ідэю». Як мінскія студэнты рэагуюць на навіну, што ў Беларусі ўвядуць абавязковае размеркаванне для платнікаў

На мінулым тыдні стала вядома, што ўлады з падачы самога Лукашэнкі хочуць павялічыць працягласць адпрацоўкі па размеркаванні выпускнікоў ВНУ, якія атрымлівалі вышэйшую адукацыю на бюджэтнай аснове, а таксама ўвесці адпрацоўку для тых, хто вучыцца за свае грошы. CityDog.io даведаўся, што з гэтай нагоды думаюць студэнты-платнікі.

25.09.2023 / 18:44

Каця (імя зменена), студэнтка 2-га курса БДМУ

«Нягледзячы на тое, што да канца ўнівера мне яшчэ далёка, я ўсё адно вельмі негатыўна стаўлюся да гэтага закона. У мяне была процьма планаў на гады адразу пасля заканчэння ўніверсітэта, а зараз усё трэба будзе пераносіць.

Я хацела паступіць за мяжу ў магістратуру. Мабыць, з гэтым прыйдзецца пачакаць.

Наколькі я зразумела, канкрэтнага тэрміну павелічэння адпрацоўкі яшчэ няма, але мяркуецца 7 гадоў мэтавікам, 5 — бюджэтнікам і каля 2 гадоў платнікам. Мяне палохае перспектыва выдаткаваць невядома колькі гадоў у нікуды.

Адпрацоўка для тых, хто плаціць за навучанне немаленькія сумы, — поўнае трызненне. Асноўная маса маіх аднагрупнікаў — бюджэтнікі. І іх больш, вядома, хвалюе павелічэнне тэрміну адпрацоўкі. Некаторыя платнікі, як і я, незадаволеныя сітуацыяй з выплатамі.

Што будзе з тымі, хто вырашыць неяк пазбегнуць адпрацоўкі, я нават уявіць не магу. На мой погляд, гэта поўнае трызненне. Я плачу за навучанне кожны семестр, а зараз, калі не захачу адпрацоўваць, то таксама павінна буду выплачваць грошы? Куды яшчэ больш і адкуль іх узяць?

Калі ўвядуць крыміналку, то ўсё максімальна сумна. Не думаю, што да гэтага дойдзе, але цяпер я ўжо і не ведаю, чаго чакаць. Хацелася б атрымаць нармальнае стаўленне да людзей як да важнага і галоўнага складніка краіны. Пакуль да гэтага далёка».

Міша (імя зменена), студэнт 3-га курса БДУФК

«Мне абсалютна не падабаюцца навіны аб размеркаванні. І гэта яшчэ мякка сказана. Я не разумею, чаму я павінен адпрацоўваць свае ж грошы. Пакуль не ведаю, што з гэтым рабіць.

Магчыма, мяне гэта не закране, а толькі тых, хто будзе паступаць з наступнага года. Аднак я ні ў чым не ўпэўнены. Наша дзяржава ўмее здзіўляць.

Мае аднагрупнікі думаюць гэтак жа, як і я. Злуе яшчэ і тое, што з таго моманту, як я паступіў, адукацыя кожны год даражэе. Лепш не становіцца, толькі горш.

Тады наспявае слушнае пытанне: а навошта наогул атрымліваць адукацыю ў Беларусі? У той жа Польшчы можна вучыцца за тыя ж грошы, і не трэба будзе адпрацоўваць. Ды і еўрапейскі дыплом больш прэстыжны. Абмяркоўвалі гэтую тэму ў групе шмат разоў — меркаванне ва ўсіх аднолькавае.

Што тычыцца таго, што будзе пагражаць тым, хто захоча неяк пазбегнуць размеркавання, то, думаю, тут можа быць што заўгодна. Штрафы, крыміналка, забарона на выезд, плата за адпрацоўку — усе гэтыя меры цалкам працоўны варыянт, на мой погляд. Не чакаю нічога добрага.

Па выніку, замест таго каб прыцягваць студэнтаў добрымі ўмовамі, дзяржава проста закручвае гайкі і змушае нас з'язджаць туды, дзе ўмовы лепшыя. Мне здаецца, праблема недахопу спецыялістаў стане толькі вастрэйшай. Магчыма, калі яе не вырашаць, то далей рушаць услед яшчэ больш жорсткія меры ад дзяржавы».

Наташа (імя зменена), студэнтка 5-га курса завочкі МДЛУ

«Да МДЛУ я вучылася ў лінгвагуманітарным каледжы, туды я таксама паступала на платнае. Прынцыпова не хацела ісці на «бюджэт», каб не было ніякага размеркавання. Ужо тады хадзілі чуткі аб укараненні гэтага новаўвядзення.

Праз восем месяцаў я павінна атрымаць дыплом. Калі выйдзе так, што дакумент уступіць у сілу і платнікам прыйдзецца размяркоўвацца, то я проста заплачу грошы за ўсё навучанне. Мяркую, што кошт навучання на маёй спецыяльнасці можа вар'іравацца ад 4000 да 6000 рублёў. У цэлым змагу выплаціць.

Мне не шкада гэтай сумы. Больш мне шкада двух страчаных марна гадоў у якой-небудзь школе, дзе я буду атрымліваць (дай бог) рублёў 500. Я вучуся на выкладчыцу англійскай і не збіраюся марнаваць час у школе. Цяпер працую не па спецыяльнасці і хачу надалей застацца ў сваёй кампаніі. На сваёй пасадзе я атрымліваю ў 4,5 разу больш, чым калі б была настаўніцай.

У групе мы не падымаем гэтай тэмы. Размаўляла адзін раз пра гэта з сяброўкай. Яна збіраецца адпрацоўваць. Іншых меркаванняў не чула. Нядаўна задумалася пра суд і следства за ўхіленне ад размеркавання. Хутчэй за ўсё, абавязкова будуць прымяняцца нейкія меры, інакш ніяк. Магчыма, нават крымінальны пераслед.

У мяне ёсць унутраны страх, што на нейкі час я магу быць невыязной. Але, мне здаецца, я тут перагінаю палку. Аднак усё можа здарыцца. У любым выпадку я выбіраю сябе і кар'еру. Працаваць за ідэю пакіну каму-небудзь іншаму».

Марына (імя зменена), студэнтка 3-га курса юрыдычнага каледжа

«Да прапановы ўвесці закон аб размеркаванні для платнікаў стаўлюся негатыўна. Адным з плюсоў ісці на платнае навучанне заўсёды было тое, што пасля заканчэння ты пойдзеш працаваць туды, куды табе захочацца, або працягнеш спакойна вучыцца. У мяне ў планах быў другі варыянт.

У кампаніі аднагрупнікаў абмяркоўвалі гэтую тэму ў стылі: «А вы бачылі, што ўлады робяць? Зусім ужо сумленне страцілі». Што рабіць, калі гэты закон уступіць у сілу, ніхто не кажа. Здаецца, усе нават думаць пра гэта баяцца і спадзяюцца на лепшае.

Магчыма, праз нейкі час за ўхіленне ад размеркавання прадугледзяць і штраф, і арышт. Калі разганяць гэтую тэму, можна прадугледзець якую-небудзь забарону на далейшае навучанне ў краіне. Або калі чалавек не адпрацаваў, то з Беларусі яго можна не выпускаць. Аднак пакуль гэта ўсё мае здагадкі. Нічога канкрэтнага пакуль не хачу загадваць».

Максім (імя зменена), студэнт 4-га курса БДАТУ

«Мяне абсалютна не хвалюе гэты закон. Я на апошнім курсе, і гэтыя новаўвядзенні мяне відавочна не закрануць. Лічу, што на гэты момант платнікам нічога не пагражае, таму што іх дагавор быў заключаны без гэтай умовы аб размеркаванні. Мы і так плацілі грошы, таму размеркаванне ў нас можа быць толькі па ўласным жаданні.

Сярод сяброў і знаёмых платнікаў таксама практычна няма. Ды і ў цэлым яны ўсе мінскія. Калі яны і адправяцца кудысьці адпрацоўваць, то таксама ў Мінск. Таму нікога гэтыя навіны не хвалююць.

Для малодшых курсаў, хутчэй за ўсё, гэта стане праблемай. У некаторых універсітэтах месцы для размеркавання настолькі «ніякія», што варыянт паступлення туды на «бюджэт» адпадаў аўтаматычна. Што цяпер будзе з такімі ВНУ, я не ведаю. Я рады, што мяне гэта ніяк не закране».

Чытайце таксама:

Кватэраздымка: вельмі светлая чатырохпакаёвая кватэра ў «Мінск-Свеце» для сям'і лётчыка, рэаніматолага і іх дзяцей

Вулічная мода. Нехта — ва ўцепленай камізэльцы, нехта — у шлёпках на босую нагу. Паглядзіце, якімі лукамі моднікі сустракаюць астранамічную восень у Мінску

Nashaniva.com