У Польшчы патрабуюць увесці санкцыі супраць беларускіх харчовых соляў 

З адпаведнымі заклікамі ў МУС краіны звярнуліся польскія вытворцы солі, перадае Money.pl

26.09.2023 / 16:56

Харчовая соль. Фота: pixabay

Паводле партала Money.pl, які спаслаўся на выданне Puls Biznesu, польскія вытворцы солі запатрабавалі ўвесці санкцыі супраць кухоннай і каменнай соляў з Беларусі. Адпаведныя прапановы ўжо разглядае МУС Польшчы.

Польскія вытворцы аргументуюць сваю пазіцыю тым, што нацыянальныя і еўрапейскія абмежаванні дагэтуль не закранаюць беларускага сектара харчовых соляў, у адрозненне ад калійных. 

Гэта, на думку палякаў, прыводзіць да таго, што беларуская соль свабодна прадаецца ў Польшчы і краінах ЕС па куды меншай цане, чым у мясцовых вытворцаў.

«Сённяшнія санкцыі у дачыненні да Беларусі недастатковыя. Таму наш фонд і старое аб'яднанне вытворцаў солі Polska Sól звярнулася да міністра ўнутраных спраў Марыюша Каміньскага з заклікам вывучыць магчымасць прымянення польскіх і еўрапейскіх санкцый у дачыненні да беларускай харчовай солі», — гаворыцца ў заяве польскіх вытворцаў.

У прыватнасці, тыя патрабуюць пашырыць санкцыі супраць беларускага прадпрыемства «Мазырсоль», а таксама супраць звязаных з ім чыноўніка Багдана Генадзя Андрэевіча і палкоўніка Эйбатава Алега Анатольевіча (які ўжо знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну).

За мінулы год, па інфармацыі польскіх СМІ, Беларусь прадала ў ЕС харчовай солі амаль на 10 мільёнаў еўра, што, аднак, у два разы менш за паказчыкі 2021 года, бо паўплывалі нізкія цэны і адмова некаторых краін ад супрацоўніцтва з Мінскам.

Чытайце таксама:

Чыноўнік прагаварыўся, як паміраюць заводы пры Лукашэнку

У Польшчы раскрылі, колькі ўсяго віз было выдадзена беларусам з пачатку 2021 года

Менш за 1000 еўра. Цэны на новы iPhone ў суседзяў 

Nashaniva.com