Тое самае паліто. Выбіраем вопратку на халодны сезон
Паглядзелі, якія варыянты цёплага адзення на восень падрыхтавалі беларускія дызайнеры.
28.09.2023 / 09:38
Пакуль верасень шчодра адорвае нас цёплымі днямі, можна без спешкі абраць галоўную рэч сезона — паліто. Да выбару гэтага прадмета гардэробу варта паставіцца адказна, бо менавіта паліто ў халодны сезон будзе выкарыстоўвацца часцей за астатняе адзенне.
LI'TELLE
Беларускі брэнд з'явіўся вясной 2018-га. З таго часу марка спраўна выдае новыя калекцыі, з якімі можна пазнаёміцца ў казачным шоўруме, які працуе ў самым цэнтры Мінска.
З мноства прапанаваных там рэчаў можна вылучыць малочны кейп са стойкай на падшэўцы з шоўку і сілуэтнае вячэрняе паліто з жакарду з вялікім адкладным каўняром. Гэтыя рэчы базавымі не назавеш, але яны выдатна ўпішуцца ў класічны гардэроб у якасці акцэнтных.
LSD
Брэнд Lifestyle Simple Design вырашыў пагуляць з функцыянальнасцю і распрацаваў трэнч з рукавамі, якія адшпільваюцца. Лёгкім рухам ён ператвараецца ў камізэльку, аздобленую прэміяльнай скурай.
Аматарам больш звыклых рэчаў LSD прапануе стрыманае чорнае паліто з залацістымі гузікамі.
L U S H I N A
Марка робіць адзенне, шчодра ўпрыгожанае разнастайнымі бліскаўкамі і паеткамі — дызайнеры расшылі імі нават скураны плашч. У такіх рэчах застацца без увагі будзе вельмі складана.
N O W W O N
Калі за акном дажджліва, а сонца хаваецца за цяжкімі хмарамі, настрой могуць падняць яркія колеры. З гэтай задачай справіцца ружовае паліто Princess Bubblegum са штучнага футра. Мадэль з вышытым на кішэні вокам — лімітаваная, таму імавернасці сустрэць на вуліцы свайго «двайніка» практычна няма.
Іншае паліто — WOOL, лідар продажу брэнда. На працягу некалькіх гадоў яго лякалы ўдасканальваліся. Як прызнаюцца ўладальнікі маркі, пакупніцы любяць гэтую рэч за аб'ёмны сілуэт і адсутнасць лішніх дэталяў.
Kardash
У хуткім часе свае дзверы расчыніць новы шоўрум маркі ў Варшаве. Пакуль у краме ідзе рамонт, цёплыя рэчы можна набыць на сайце. На ім можна знайсці паліто колеру «кэмэл» з вышыўкай феміннай тэматыкі і ўцепленыя атласныя кімано.
Абедзве мадэлі можна насіць як з класічнымі лукамі, так і ў камплектах з простымі джынсамі.
MUA
Сталічны брэнд зрабіў стаўку на класіку — двухбортнае паліто лёгка падкрэсліць элегантнасць і бездакорны густ. Зробленае ў шэрым колеры, яно будзе спалучацца з вялікай колькасцю адценняў і дазволіць стварыць разнастайныя аўтфіты.
Спартовыя лукі можна дапоўніць крэатыўным бомберам малочнага адцення. Дзякуючы дэталіроўцы, якая ўпрыгожвае рукавы, такі можна насіць з класічнымі сукенкамі і спадніцамі.
«Элема»
Буйное прадпрыемства не адстае ад лакальных брэндаў. У асартыменце «Элемы» ёсць і мінімалістычны пухавік, упрыгожаны паясной сумкай, і класічнае бэжавае паліто.
А які восеньскі абутак вырабілі беларускія вытворцы, чытайце ў нашым іншым матэрыяле.