Кітайскія хакеры выкралі 60 тысяч непублічных лістоў Дзярждэпа ЗША — Reuters

Расказваем, што пра гэта вядома.

28.09.2023 / 08:27

Ілюстрацыя: Getty Images

Кітайскім хакерам удалося ўзламаць унутраную пошту Дзяржаўнага дэпартамента ЗША (амерыканскага МЗС) і выкрасці адтуль 60 тысяч электронных лістоў. 

Пра гэта агенцтву Reuters на ўмовах ананімнасці распавёў памочнік аднаго з сенатараў ЗША, які нядаўна прысутнічаў на закрытым брыфінгу Дзярждэпа па гэтай праблеме.

«Кітайскія хакеры пачалі атакаваць серверы Дзярждэпа ЗША яшчэ ў пачатку года. У выніку яны змаглі ўзламаць 10 сховішчаў унутранай дакументацыі з 60 тысячамі электронных лістоў, большая частка якіх датычылася рэгіёнаў Усходняй Азіі і Ціхага акіяна», — паведаміла крыніца агенцтва Reuters на ўмовах ананімнасці.

Сам Дзярждэпартамент ЗША пакуль ніяк не пракаментаваў здарэння. Тэма магчымых сувязяў хакераў з якімі-небудзь крымінальнымі групоўкамі або з кітайскім урадам таксама не раскрывалася.

Нагадаем, што нядаўна кампанія Meta (уладальнік Facebook і Instagram) змагла спыніць самую буйную ў свеце прапагандысцкую кампанію Кітая ў сацыяльных сетках.

Чытайце таксама:

Праект «Пегас» — рэвалюцыя ў шпіянажы

Следчыя Еўропы атрымаюць новы інструмент пошуку кіберзлачынцаў

«Кітайцы бяруцца шлюбамі са славянкамі, бо гэта танна». Беларуска пераехала ў Кітай, а цяпер у сваім блогу расказвае пра жыццё там

Nashaniva.com