Усевалад Сцебурака. У маёй днк — ген зямлі. Верш

Усевалад Сцебурака апублікаваў у сваім фэйсбуку новы верш.

28.09.2023 / 10:11

У маёй днк — ген зямлі —
жвір драбнюткі з палеткаў радзімы,
бы ў Місімы гарачы пясок Івадзімы,
як бялюткі вапняк каталонскі ў Далі.

І не выдзьмуць яго, не змыць
ні вятрам, ні халодным залевам.
Іх вялікасьцям каралевам
у каштоўны дарунак не збыць.

І хаця ён за пер'е лягчэй
ды трымае мацней катвігі
човен мой, што ідзе то на родныя крыгі,
то на зоры чужыны, што сьвецяць ярчэй.

Ген зямлі лучыць з ёю ў адно —
лес і лёс — гэта ўжо незваротна
прыжыцьцёва і пасьмяротна
неба гэта і гэтае дно.

Nashaniva.com