«Вірус нікуды не знік». Мнздароўя папярэджвае пра важнасць вакцынацыі супраць грыпу і кавіду

Намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч нагадаў, чаму неабходна прышчапляцца ад грыпу і кавіду, і расказаў, дзе і якой вакцынай гэта можна зрабіць, піша БелТА.

29.09.2023 / 12:50

Фота: БелТА

Як адзначыў чыноўнік, нягледзячы паслабленне ўвагі да яго, вірус нікуды не сышоў. «У нас, як і ва ўсім свеце, назіраецца рост захворвання. Кампанія па вакцынацыі ў Беларусі штогод і звыклая», — сказаў намеснік міністра аховы здароўя.

Тут варта зазначыць, што ў Беларусі больш за год не агучваюцца звесткі па выпадках кавіду.

Юрый Горбіч упэўнены, што вакцынацыя — самы эфектыўны сродак прафілактыкі захворванняў.

«Але апошнім часам людзі сталі ставіцца да гэтага мерапрыемства спакайней. Бо мы забыліся, што такое эпідэміі адру, паліяміеліту, натуральнай воспы, якія яшчэ літаральна ў пачатку мінулага стагоддзя губілі вялікі адсотак насельніцтва Зямлі», — падзяліўся ён.

Намеснік міністра аховы здароўя нагадаў, што хоць вірус COVID-19 цяпер мае адносна нізкі цяжар захворвання і нізкую смяротнасць, ён усё яшчэ валодае высокай заразнасцю.

«Не думаю, што камусьці прыемна правесці пяць дзён дома з высокай тэмпературай і наступным посткавідным сіндромам», — адзначыў Юрый Горбіч.

Паводле яго слоў, цяпер у Беларусі ад COVID-19 можна прышчапіцца расійскімі вакцынамі «Гам-Кавід-Вак» («Спутнік»), «Спутнік лайт», а ў некаторых месцах кубінскай вакцынай «Саберана Плюс».

«Гэта вакцыны, якія цалкам прайшлі кантроль якасці. Колькасць антыгена ў іх у параўнанні з мінулым годам павялічана ў тры разы, і гэта адпавядае найлепшым сусветным стандартам», — падзяліўся намеснік міністра аховы здароўя.

Зараз вакцына ёсць абсалютна ва ўсіх арганізацыях аховы здароўя.

Як распавёў Юрый Горбіч, самы просты спосаб атрымаць вакцыну — прыйсці ў паліклініку па месцы жыхарства.

Таксама ён адзначыў, што часам буйныя прадпрыемствы дамаўляюцца з арганізацыямі аховы здароўя, і тады вакцыну можна атрымаць на працоўным месцы ў медпункце ў вызначаны час і дзень.

Намеснік міністра аховы здароўя нагадаў аб магчымых пабочных эфектах і правілах паводзін пасля вакцынацыі.

На наступны дзень пасля вакцынацыі можа падняцца тэмпература, але Юрый Горбіч запэўнівае, што гэта нармальна. І ўдакладняе, што пасля прышчэпкі арганізм адцягвае свае рэсурсы на выпрацоўку імунітэту, яго нельга перанапружваць.

«На працягу 3-4 дзён пасля вакцынацыі не варта займацца фізічнымі нагрузкамі на піку сваіх магчымасцяў ці ж хадзіць у лазню з тэмпературай 140 градусаў», — сказаў ён.

Намеснік міністра таксама развянчаў міф, што пасля прышчэпкі нельга хадзіць у душ.

Але нагадаў, што паўгадзіны пасля вакцынацыі лепш правесці ў медустанове ад наглядам прафесіяналаў у пазбяганне алергічных рэакцый.

Nashaniva.com