«Украінскія псеўдапатрыёты знішчаюць мемарыялы». Стала вядома пра разбурэнне помніка беларусам, якія загінулі за Украіну

Украінская блогерка @hrystynakafka расказала ў тыктоку сумную гісторыю пра тое, як у Кіеве «псеўдапатрыёты» пад выглядам «змагання з краінай-агрэсарам» дабіліся частковага зруйнавання мемарыяла, пастаўленага ў памяць пра беларусаў, якія загінулі, абараняючы Украіну.

30.09.2023 / 23:28

Так выглядаў мемарыял раней

Мемарыял быў устаноўлены, як сцвярджаецца на фасадзе каледжа Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэхналогій і дызайну, яшчэ ў 2016 годзе, то-бок задоўга да расійскай поўнамаштабнай агрэсіі.

Так выглядае мемарыял цяпер

Паводле блогеркі, адзін неабыякавы хлопец павесіў на месца знятай «Пагоні» сваю ўласную.

Пакуль ён яе вешаў, да яго падышла жанчына, якая прадставілася намесніцай рэктара, і расказала, што нейкія людзі прыходзілі да кіраўніцтва каледжа і запатрабавалі, каб яны разабралі гэты мемарыял, бо з Беларуссю Украіна, маўляў, цяпер у стане вайны. Урэшце яны нібыта дайшлі да Міністэрства асветы і папрасілі «нешта зрабіць».

Спачатку мемарыял проста прыкрылі прасціной, але пасля з яго ўсё адно прыбралі бел-чырвона-белую сімволіку, якую намесніца рэктара забрала сабе. 

@hrystynakafka #білорусьукраїна #славаукраїні #жывебеларусь ♬ оригінальний звук - Шановна

Блогерка расказвае пра гэта вельмі эмацыйна, не спыняючыся нават перад нецэнзурнай лаянкай на адрас «псеўдапатрыётаў». Пры гэтым згадваючы таксама мінулагодні выпадак, калі ў Кіеве такія ж «псеўдапатрыёты» зрэзалі памятны крыж, пастаўлены ў 2020 годзе каля беларускай амбасады ў памяць пра пацярпелых ад рэжыму Лукашэнкі. Той зрэзаны крыж пасля забралі сабе беларускія добраахвотнікі-каліноўцы.

Чытайце таксама:

«Мой пазыўны Фокс». Полк Каліноўскага стварае новы батальён

Полк Каліноўскага паведаміў пра аднаўленне рэкрутынгу ў свае шэрагі

Каліноўцы запусцілі ў Беларусь вялізны бела-чырвона-белы сцяг

Nashaniva.com