Ва Узброеных сілах — чарговая праверка баявой гатоўнасці. Будзе перамяшчэнне тэхнікі па дарогах

Праверка мае комплексны характар.

03.10.2023 / 11:47

Ілюстрацыйнае фота агенцтва «Ваяр»

Сёння па даручэнні Лукашэнкі пачаўся чарговы этап праверкі баявой гатоўнасці Узброеных сіл. Агульнае кіраванне мерапрыемствамі ўскладзена на Дзяржсакратарыят Рады бяспекі, паведамляе Мінабароны.

Праверка мае комплексны характар і дазволіць вызначыць гатоўнасць вайсковых часцей і падраздзяленняў выконваць задачы па прызначэнні, паведамляе ведамства.

Зазначаецца, што войскі зробяць маршы ў прызначаныя раёны, з наступным выкананнем нарматываў па прадметах баявой падрыхтоўкі, а ваенная і спецыяльная тэхніка будзе праверана кантрольнымі прабегамі, у тым ліку па перасечанай мясцовасці.

У ходзе праверкі запланавана перамяшчэнне вайсковай тэхнікі і асабістага складу па дарогах агульнага карыстання ў Мінскай і Віцебскай абласцях.

Таксама прадугледжваецца задзейнічанне авіяцыі.

Nashaniva.com