Наколькі рэалістычны прагноз развіцця эканомікі на наступны год
Улады зацвердзілі прагнозныя параметры развіцця на 2024 год. Так, рост ВУП у наступным годзе запланаваны на 3,8%, інфляцыю чакаюць на ўзроўні 6%, рэальныя заробкі абяцаюць вырасці на 3,9%. Спыталі ў эканаміста, наколькі рэалістычныя гэтыя прагнозы і як улады збіраюцца дамагчыся вынікаў.
04.10.2023 / 09:19
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Што з эканомікай сёлета?
Сёлета эканоміка расце, але адбываецца гэта дзякуючы нізкай базе, паколькі ў 2022 годзе беларуская эканоміка сур'ёзна прасела.
«На працягу гэтага года эканоміка прыстасоўвалася да бягучых умоў і аднаўлялася. Але тут трэба разумець, што мы маем справу менавіта з аднаўленчым ростам», — звяртае ўвагу эксперт BEROC Настасся Лузгіна.
Нягледзячы на станоўчую дынаміку ў бягучым годзе, беларуская эканоміка, хутчэй за ўсё, не зможа дасягнуць узроўню 2021 года.
Экспертка адзначае, за кошт якіх індыкатараў сёлета назіраецца рост ВУП.
«На 2023 год быў запланаваны рост рэальных даходаў на 4,1%, але ўжо паводле апошніх звестак (за студзень-ліпень) гэты паказчык дасягнуў 4,5%».
Дасягнуць такіх вынікаў атрымалася за кошт рэгуляванай інфляцыі і актыўнага росту заробкаў з-за дэфіцыту працоўнай сілы, мяркуе Настасся Лузгіна.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Калі б цэны не стрымлівалі адміністрацыйнымі метадамі, то, імаверна, рост рэальных даходаў быў бы больш сціплы. Цэны раслі б хутчэй. Гэтую практыку штучнага стрымлівання цэн плануюць распаўсюдзіць і на наступны год».
Таксама на працягу гэтага года актыўна стымулявалі інвестыцыі.
«Заяўлены рост у 22,3% пакуль не забяспечаны, але мы бачым, як актыўна імкнуцца павялічыць аб'ёмы інвестыцый за кошт дзяржаўных праграм, стымулявання прадпрыемстваў».
Першы квартал, па словах эканамісткі, быў правальным, але пачынаючы з другога намеціўся рост. У чэрвені было 26%, у ліпені —17,9%, а ў жніўні — 21,3%.
Актыўны рост у другім квартале Лузгіна тлумачыць тым, што летась менавіта з другога квартала і пачалося актыўнае скарачэнне аб'ёмаў інвестыцый.
«За студзень-жнівень 2023 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года інвестыцыі выраслі на 10,4%. Але ўся гэта станоўчая дынаміка адбываецца на фоне леташняга падзення на 18,5%. Атрымліваецца, што пакуль мы не дасягнулі як запланаваных паказчыкаў, так і ўзроўню 2021 года», — адзначае эканамістка.
Ці чакаць запланавага эканамічнага росту ў 2024-м
Калі мы параўноўваем прагнозныя паказчыкі 2023 і 2024 гадоў, то можна адзначыць, што па многіх крытэрыях дынаміка ў наступным годзе больш сціплая.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Рост інвестыцый запланаваны на 4%, рэальных заробкаў — на 3,9%, рэальных даходаў — на 3,5%.
Настасся Лузгіна не ўпэўненая, што ў наступным годзе Беларусі ўдасца дасягнуць запланаваных паказчыкаў датычна ВУП (росту на 3,8%).
«У бягучым годзе ідзе аднаўленчы рост ВУП, таму яго дынаміку можна стымуляваць. Хоць нельга сказаць, што гэта добра для эканомікі, бо ўзнікаюць рызыкі яе перагрэву. У любым выпадку цяпер мы назіраем аднаўленне да ўзроўню пачатку 2022 года. У наступным годзе гэтага ўжо не будзе, паколькі база будзе зусім іншай».
Сёлета ВУП пакуль таксама не дасягнуў запланаваных 3,8%. Па выніках 8 месяцаў бягучага года ВУП Беларусі вырас на 3,1%. Па выніках 2022 года ён скараціўся на 4,7%.
Улады робяць стаўку на крэдытаванне
Эканаміст звяртае ўвагу, што ўчора быў падпісаны дакумент, які датычыць манетарнай палітыкі Нацыянальнага банка.
«Калі глядзець на манетарныя ўмовы, то там напісана, што ў наступным годзе прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі павінен быць не меншы за 10%. У прагнозе за 2023 год было прапісана, што прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі 17-21%».
Гэта, па словах эканаміста, сведчыць пра тое, што ўлады па-ранейшаму разглядаюць крэдытаванне як адзін з асноўных стымулаў для эканамічнага росту.
«На наступны год яны не закладваюць канкрэтных лічбаў, пакідаючы поле для манеўру. Гэта можа быць як 10, 15, так і больш адсоткаў.
Такім чынам яны пакідаюць для сябе магчымасць, што калі не будзе атрымлівацца дасягнуць нейкіх параметраў, то можна стымуляваць эканоміку за кошт росту крэдытавання».
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Такое рашэнне нясе рызыкі. Паводле слоў Лузгіной, зыходзячы з бягучай эканамічнай палітыкі, асноўнай задачай дзяржава ставіць фарміраванне добрых паказчыкаў.
«Уладам важна паказаць рост па рэальных заробках, па інвестыцыях, па ВУП. І калі гэтыя паказчыкі не будуць дасягацца, то можна звярнуцца да стымулявання за кошт крэдытавання».
Планы па экспарце
Яшчэ адзін паказчык, на які звяртае ўвагу экспертка, — запланаваны рост экспарту на 7,6%. Дасягаць росту ў экспарце, на думку эканамісткі, Беларусь будзе за кошт нарошчвання фізічных аб'ёмаў. І будзе намагацца нарасціць іх, нават калі гэта не вельмі выгадна.
«Арыентацыя росту знешняга гандлю на рост за кошт фізічных аб'ёмаў дзейнічае і ў бягучым годзе. Можам успомніць, да прыкладу, падсанкцыйны калій, продаж якога імкнуцца нарасціць за кошт больш нізкіх цэнаў, нягледзячы на зніжэнне сусветных коштаў і росту выдаткаў на яго транспарціроўку», — тлумачыць экспертка.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Учора Лукашэнка даручыў стварыць камісію, якая зоймецца пытаннямі экспарту беларускіх тавараў. Узначаліць яе пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты.
«Мы выстаялі. Цяпер трэба падымацца з каленяў, — заявіў Лукашэнка. — Санкцыі, не санкцыі — увесь свет і мінеральныя ўгнаенні гатовы купляць, і нафтапрадукты. Нават у Расіі дэфіцыт. І гэтак далей. Таму няма такіх тавараў у Беларусі, якія мы не можам прадаць. Проста трэба варушыцца».
Агулам планы па росце ВУП на 3,8% у наступным годзе Лузгіна называе занадта амбіцыйнай задачай для эканомікі, якая сама знаходзіцца пад санкцыямі і пры гэтым максімальна арыентавана на эканоміку РФ, якая таксама пад санкцыямі і запланаваны рост якой па прагнозах расійскіх уладаў будзе больш сціплым (1,5-2,5%).
Чытайце таксама:
Ад палітычных кантактаў у Афрыцы пакуль няма толку для эканомікі — Галоўчанка
Лукашэнка даручыў стварыць камісію, якая дапаможа «падняцца з каленяў»
Даляр з запасам абнавіў абсалютны максімум