Азербайджан затрымаў трох былых прэзідэнтаў непрызнанага Нагорнага Карабаха і былога старшыню парламента

Па словах неназванага парламентарыя непрызнанай рэспублікі, звязацца з былымі прэзідэнтамі і спікерам НКР не ўдаецца больш за суткі.

04.10.2023 / 06:58

Араік Аруцянюн. Скрыншот відэа

Сілавікі Азербайджана затрымалі былых прэзідэнтаў непрызнанай Армянскай Рэспублікі ў Нагорным Карабаху Аркадзя Гукасяна, Бака Саакяна і Араіка Аруцюняна, а таксама экс-«старшыню парламента» Давіда Ішханяна, піша «Эхо Кавказа».

Гукасяна, Саакяна і Ішханяна прывезлі ў Баку, тады як Аруцюняна толькі перавозяць у азербайджанскую сталіцу. Гэта інфармацыя пакуль не пацверджаная афіцыйна.

Адзін з дэпутатаў непрызнанай НКР паведаміў, што ў Арменію праз азербайджанскі пункт пропуску прыбылі яе дырэктар Службы нацыянальнай бяспекі Арарат Мелкумян, міністр унутраных спраў Карэн Саргсян, дзяржміністр Артур Аруцюнян і «кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта» Карэн Шахраманян.

Па словах неназванага парламентарыя непрызнанай рэспублікі, звязацца з былымі прэзідэнтамі і спікерам НКР не ўдаецца больш за суткі.

На мінулым тыдні пры спробе выехаць у Арменію ў Лачынскім калідоры быў затрыманы былы кіраўнік урада Нагорнага Карабаха Рубен Варданян, а экс-міністр замежных спраў Давід Бабаян добраахвотна здаўся азербайджанскім уладам.

Нагорны Карабах капітуляваў на мінулым тыдні, пасля пачаўся масавы адыход жыхароў у Арменію. Рэгіён пакінулі 100 тысяч чалавек. Там засталося не больш за 1000 чалавек.

Чытайце таксама:

У Нагорным Карабаху засталася максімум тысяча армян

Мафіёзныя схемы і прывязанасць да Расіі. Як Нагорны Карабах стаў шэрай зонай армянскай палітыкі і што будзе цяпер

Што такое Нагорны Карабах і што армяне з азербайджанцамі там дзеляць

Нагорны Карабах прыняў рашэнне аб капітуляцыі

Nashaniva.com