У Жоўтым моры пацярпела крушэнне кітайская атамная падводная лодка — медыя

Брытанская разведка даведалася аб крушэнні ў Жоўтым моры кітайскай падлодкі, на борце якой былі 55 чалавек. Кітай страту субмарыны адмаўляе, піша «Медуза» са спасылкаю на Daily Mail.

04.10.2023 / 10:15

Паводле паведамлення, журналісты атрымалі сакрэтную справаздачу брытанскай разведкі. Згодна з дакументам, раніцай 21 жніўня падводная лодка праекта 093 «Шань» урэзалася ў загароду, устаноўленую ж кітайскім флотам для барацьбы з падлодкамі ЗША і іх саюзнікаў.

У выніку ў кітайскай падлодкі, зламалася сістэма падачы паветра, што прывяло да гібелі ўсяго экіпажа — 55 чалавек.

Daily Mail удакладняе, што незалежных пацверджанняў здарэнню пакуль няма.

Кітай адмаўляе страту падводнай лодкі.

У Мінабароны Вялікабрытаніі адмовіліся каментаваць інфармацыю выдання. У той жа час The Times мяркуе, што ў брытанскім ваенным ведамстве, верагодна, будзе праведзена расследаванне з-за ўцечкі інфармацыі.

Суразмоўцы Daily Mail у ВМС Вялікабрытаніі дапусцілі, што кітайскі флот сапраўды страціў падлодку ў Жоўтым моры. «Цалкам верагодна, што гэта адбылося. Я сумняваюся, што кітайцы звярнуліся б па міжнародную дапамогу па зразумелых прычынах», — заявіў суразмоўца выдання.

Nashaniva.com