Украінская разведка заявіла пра чарговы рэйд сваіх вайскоўцаў у акупаваны Крым
Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны заявіла, што спецназаўцы дэсантаваліся на тэрыторыі акупаванага Крыма, атакавалі ворага, а пасля выканання задання адышлі.
04.10.2023 / 15:23
Прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў паведаміў, што ў выніку бою ёсць шмат забітых і параненых сярод асабовага складу расіянаў. Украінцы таксама маюць страты, але яны, па словах Юсава, несувымерныя з расійскімі.
Сёння раніцай Мінабароны Расіі паведаміла, што «ў паўночна-заходняй частцы Чорнага мора была спынена спроба пранікнення на тэрыторыю Крыма дэсантнай групы УСУ, якая рухалася ў напрамку мыса Тарханкут на хуткаходным ваенным катары і трох гідрацыклах».
Пазней ФСБ распаўсюдзіла відэа з затрыманнем і допытам чалавека, які называе сябе шарагоўцам Галоўнага ўпраўлення разведкі. Па словах затрыманага, яго імя Аляксандр Любас.
Таксама ён гаворыць, што ўсяго ў высадцы бралі ўдзел 16 чалавек на пяці гідрацыклах і адным катэры. У роліку ГУР водных скутараў відаць не менш за пяць.