У Наваполацку людзей змушаюць прыносіць вопратку для дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторый Украіны

Ліст пра тое, як у школах і на прадпрыемствах збіраюць грошы, ежу, вопратку для дзяцей, незаконна вывезеных з Украіны ў Беларусь, даслаў наш чытач.

05.10.2023 / 10:51

Украінскіх дзяцей выкарыстоўвае беларуская прапаганда ў сваіх сюжэтах. Учора да іх прывозілі дыпламатаў «дружалюбных» краін

«Ежу [просяць прыносіць]. Вопратку. Адзенне. Канцылярскія рэчы, сшыткі. Бацькам кажуць, каб дзеці прынеслі ў школу што-небудзь з пералічанага. Робяць такім чынам грамадства прымусова датычным да гэтага злачынства праз удзел у гэтых, зверху гарвыканкамам скінутых акцый.

Гэтым яны хочуць паказаць праз гэтыя прапагандысцкія дзеі, што грамадская супольнасць актыўна падтрымлівае і ўдзельнічае.

Такім чынам па-езуіцку замазваюць людзей у датычнасці да гэтага злачынства, каб выставіць гэта чымсьці светлым. Што яны ратуюць дзяцей ад вайны. І грамадства гэта падтрымлівае», — піша чытач.

Таксама ён дадае, што паборы цяпер ідуць амаль на ўсё, чым раней займаліся актывісты або грамадскія арганізацыі, якія былі выціснуты з краіны або атрымалі забарону на актыўнасць.

Паводле чытача, былі абʼявы ў бацькоўскіх чатах прыносіць нават ежу. «Прыносілі ў школы для пажылых людзей, каб БРСМ разносіў гэтае для дзяцей Данбаса, Луганска. Таксама акцыі ладзяць у школах: прынесці жменю кашачага або сабачага корму, каб паклапаціцца пра бяздомных жывёл — катоў і сабак. Усім гэтым грузяць цяпер школы і бюджэтныя арганізацыі», — дадае ён.

«Карціна алеем. «Алей» ліецца з усіх бакоў шчыльна», — рэзюмуе чытач.

Nashaniva.com