Наколькі вырасце зімой аплата за камунальныя паслугі, расказалі ў Міністэрстве ЖКГ
Намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка паведаміў БЕЛТА, як гэтай зімой павялічыцца аплата за ЖКП для беларусаў. Чыноўнік нагадаў, што ў краіне дзейнічае норма, згодна з якой тарыфы на ЖКП не могуць расці вышэй за палову адной базавай велічыні на год, то-бок не вышэй за 18,5 рубля.
05.10.2023 / 11:35
Як растлумачыў намеснік міністра, вышэй за гэты парог кошт жыллёва-камунальных паслуг на стандартную двухпакаёвую кватэру з двума грамадзянамі павышаць няможна.
Разам з тым з 1 чэрвеня павялічыўся тарыф на цеплавую энергію.
«З улікам гэтага цана за ЖКП, уключаючы ацяпленне, у стандартнай двухпакаёвай кватэры плошчай 48 квадратных метраў з двума грамадзянамі будзе складаць каля 153 беларускіх рублёў», ― сказаў Рамашка.
Летась гэта сума складала прыкладна 140 беларускіх рублёў, то-бок ЖКП у гэты ацяпляльны сезон падаражэе амаль на 9,3%.
Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі павышаюцца ў Беларусі два разы на год: 1 студзеня і 1 чэрвеня.