Расія размесціць яшчэ адну вайсковую базу ў Абхазіі

У Ачамчырскім раёне з'явіцца пункт пастаяннага базавання расійскага вайскова-марскога флоту, заявіў прэзідэнт непрызнанага рэгіёна Аслан Бжанія ў інтэрв'ю «Известиям».

05.10.2023 / 11:51

У Абхазіі размяшчаецца 7-я расійская вайсковая база колькасцю 4 000 чалавек. Фота: Wikimedia Commons

«У дзень нашага свята (30 верасня — Дзень «Перамогі і незалежнасці Абхазіі») да нас зайшоў малы ракетны карабель, мы падняліся на борт — вельмі сучаснае судна з сур'ёзнымі баявымі магчымасцямі. Мы падпісалі пагадненне, і найбліжэйшым часам у Ачамчырскім раёне будзе пункт пастаяннага базавання вайскова-марскога флоту РФ», — паведаміў ён.

Бжанія ўдакладніў, што мэтай прыняцця рашэння было павышэнне ўзроўню абараназдольнасці Абхазіі і Расіі, бо гэта адпавядае карэнным інтарэсам грамадзян..

«Мы не збіраемся нікога правакаваць сваёй слабасцю, мы ведаем, што нам трэба і як нам дзейнічаць. Пры гэтым хачу асабліва падкрэсліць, што мы зацікаўлены ў міры і ў добрасуседскіх адносінах. Але ў гэтым выпадку, скажам так, мяч на іх баку», — падсумаваў Бжанія.

Nashaniva.com