У Нямеччыне кіроўцу зноў за еўра далі старыя беларускія купюры

Гэтым разам факт махлярства зафіксаваны ў муніцыпалітэце Брайтэнбрун (Баварыя).

05.10.2023 / 13:43

Інцыдэнт адбыўся ў суботу 30 верасня паміж 18:00 і 18:30 на дарозе B16, паведамляе сайт «Беларусь і свет» са спасылкай на мясцовую паліцыю.

Аўтамабіль з 18-гадовым кіроўцам за рулём спынілі жэстамі двое мужчын. Яны хацелі абмяняць грошы. Пры гэтым паводзілі сябе напорыста: адзін без запрашэння сеў у машыну маладога чалавека і запатрабаваў ехаць да банка, а другі паехаў на сваім транспартным сродку ззаду.

Мужчыны хацелі атрымаць 1100 еўра. Але ў выніку пацярпелы перадаў невялікую трохзначную суму наяўнымі. Узамен ён атрымаў «залаты ланцужок», а таксама дзве купюры па 500 недэмінаваных беларускіх рублёў кожная, якія, як высветлілася потым, нічога не вартыя.

Цяпер праваахоўнікі шукаюць магчымых сведак здарэння альбо іншых ахвяр махляроў.

За апошнія месяцы ў Нямеччыне зафіксаваныя некалькі аналагічных выпадкаў.

Nashaniva.com