«Віпам» прыносяць тую ж кашу, што і астатнім парадзіхам, толькі ў прыгожым посудзе». Колькі каштуе нарадзіць як алімпійская чэмпіёнка
Алімпійская чэмпіёнка Дзінара Алімбекава-Смольская, якая нядаўна ўпершыню стала мамай, у сваім інстаграме падзякавала калектыву віп-аддзялення радзільнага дома 6-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску. Якія там умовы і колькі там каштуе нарадзіць для звычайных беларусак?
06.10.2023 / 15:30
Фота: інстаграм Дзінары Алімбекавай-Смольскай
Віп-аддзяленне з’явілася ў радзільні 6-й бальніцы ў 2016 годзе, каб матываваць забяспечаных беларусак нараджаць у Мінску замест таго, каб ездзіць у Вільню.
Умовы знаходжання маці і дзіця ў віп-аддзяленні моцна адрозніваюцца ад таго, што ёсць у іншых радзільнях Беларусі. Яно мае асобны ўваход і ліфт, палаты больш нагадваюць не бальнічнае памяшканне, а кватэру-студыю: вялікі двухспальны ложак (муж можа начаваць разам з жонкай і дзіцём), тэлевізар, міні-кухня і, вядома, персанальны санвузел.
Віп-палата ў радзільні 6-й гарадской клінічнай бальніцы. Фота: 6gkb.by
У некаторых публікацыях пісалі, быццам бы і ежу дарагім (ва ўсіх сэнсах) пацыенткам прыносяць адмысловую, а не звычайную бальнічную. Але супрацоўнікі бальніцы кажуць, што гэта не так:
«Насамрэч, «віпам» прыносяць тую ж самую кашу, што і ўсім астатнім парадзіхам, толькі кладуць ежу не ў металічныя талеркі, а ў прыгожы посуд.
Да таго ж, віп-аддзяленне ў радзільні 6-й гарадской бальніцы — адно з нямногіх месцаў у краіне, дзе можна афіцыйна заплаціць грошы ў касу і выбраць доктара, які будзе прымаць роды. У гэтым выпадку абранага лекара выклічуць на працу ў любы час дня і ночы».
Насамрэч колькасць ахвотных нарадзіць у віп-аддзяленні перавышае яго магчымасці. Заключаны дагавор не гарантуе, што парадзіха патрапіць у тую самую віп-палату — таму што ў радзільным доме, у адрозненне ад гатэля, нельга браніраваць месца на пэўныя даты.
Віп-палата ў радзільні 6-й гарадской клінічнай бальніцы. Фота: 6gkb.by
Таму, па словах супрацоўнікаў радзільнага дома, часта бывае так, што «віп-парадзіх» адпраўляюць замест сямейных палат у палаты падвышанай камфортнасці (а пасля выпіскі вяртаюць розніцу ў цане). У інстаграме радзільні нават пазначана, што запіс на віп-роды абмежаваны з-за фіксаванай колькасці палат сямейнага тыпу.
Заключыць дагавор з радзільным домам можна не раней за 36-ты тыдзень цяжарнасці. Каштуюць віп-роды 2790 рублёў пры трох днях знаходжання ў радзільні і 3890 пры пяці.
«Шасцёрку» даволі часта выбіраюць зоркі — напрыклад, алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава (яна нараджала тут першую дачку Ксенію), прызёрка Алімпіяды Аляксандра Герасіменя і жонка футбаліста Аляксандра Глеба.
Чытайце таксама:
У Дзінары і Антона Смольскіх нарадзіўся сын
Пяць гадоў найгучнейшаму беларускаму золату ў біятлоне. Дзе цяпер тыя, хто яго здабыў
Біятланістка Алімбекава стала ўладальніцай салона прыгажосці ў Мінску