Кампанія Amazon аддасць 1 мільён даляраў таму, хто сфатаграфуе сапраўдных прышэльцаў

Але не ўсё так проста. Для выйгрышу ў конкурсе важны менавіта сам спосаб здымкі.

07.10.2023 / 18:12

Ілюстратыўная выява. Фота: Tara Moore / Getty Images

Вытворца разумных дзвярных замкоў Ring, які належыць буйной амерыканскай кампаніі Amazon, абвясціў аб пачатку незвычайнага конкурсу з прызавым фондам у адзін мільён даляраў. Усё, што трэба зрабіць — гэта зняць на фота ці відэа рэальных іншапланяцян, але не ўжываючы пры гэтым звычайныя камеры ці тэлефоны.

Як піша выданне Daily Mail, галоўнай умовай атрымання ўзнагароды з'яўляецца зняцце прышэльца менавіта на камеры разумных дзвярных замкоў ад Ring.

«Вось ужо амаль 100 гадоў розныя навукоўцы, эксперты і нават звычайныя домаўладальнікі дзяліліся гісторыямі і відэа аб пазазямных гасцях. З улікам усіх даследаванняў аб магчымасцях і доказах пазазямнога жыцця, наогул не выключана, што прышэльцы могуць раптам апынуцца і на парозе вашага ўласнага дома.

Таму тыя, хто падасць нам прамыя доказы існавання прышэльцаў пры дапамозе нашых дзвярных замкоў, змогуць атрымаць прыз у адзін мільён даляраў», — сказана ў афіцыйным конкурсным анонсе кампаніі Ring.

Пры гэтым у кампаніі адзначылі, што калі рэальных іншапланяцян зняць на дзвярны замок усё ж не атрымаецца, то дапускаюцца і «творчыя рашэнні». 

Гэтыя рэшэнні маюць на ўвазе зняцце хвіліннага роліка на дзвярны замок, на якім можна прыкінуцца прышэльцам пры дапамозе касцюмаў, грыму, рэквізітаў, штучных транспартных сродкаў або камп'ютарных эфектаў. Гэтыя відэа ацэняць па ўзроўнях крэатыўнасці, праўдападобнасці і гумару, але ўзнагарода за іх ужо будзе складаць толькі 500 даляраў у выглядзе падарункавай карты ад Amazon.

Сам конкурс ад Ring і Amazon працягнецца да 3 лістапада ўключна і прызначаны толькі для паўналетніх грамадзян ЗША. Узнагарода ў мільён даляраў, калі нехта яе выйграе, будзе выплачвацца не адразу, а па 50 тысяч даляраў штогод на працягу 20 гадоў.

Чытайце таксама:

Парэшткі «прышэльцаў», паказаныя ў Мексіцы, аказаліся містыфікацыяй

У Філадэльфіі мужчына спрабаваў трапіць на бейсбольны матч разам са сваім алігатарам

Навукоўцы ўпершыню аднавілі РНК вымерлай жывёлы. Яны спадзяваюцца вярнуць у свет страчаныя віды

Nashaniva.com