У Мінску прайшоў музычны фестываль «Рок‑каляды 2009»

14.12.2009 / 12:48

13 снежня ў адным з мінскіх клубаў прайшоў музычны фестываль «Рок‑каляды 2009».

Фестываль праводзіцца з 2001 года, калі ў Горках (Магілёўская вобласць) быў пакладзены пачатак гэтай традыцыі. З цягам часу мяняліся пляцоўкі, арганізатары, але асноўная ідэя заставалася нязменнай.

У 2008 годзе фестываль атрымаў статус міжнароднага. Арганізатары спадзяюцца абнавіць старыя традыцыі і ставяць на мэце сабраць таленавітыя калектывы, даць магчымасць выбраць лепшых, а калектывам — параўнаць свае поспехі і хібы, дапамагчы гуртам у запісу і прасоўванні.

У канцэрце ўзялі ўдзел: Room 14.08 (Мінск), Stёkla (Магілёў), «Інсульт» (Смаленск, Расія), «Канец тыдня» (Мінск), Green Pepper (Мінск), Galathea (Масква, Расія), «МЫ» (Полацк Віцебскай вобласці), Ann Core (Маладзечна Мінскай вобласці).

Гасцямі фестывалю былі: Rosy (прэмія «Рок‑зорка 2008»), Юрый Міхайлаў (лепшы сола‑гітарыст Расіі 2008 года, Смаленск), Alex Sigmer (пераможца «Рок‑кола 2006» і ўладальнік спецпрыза «Рок‑каранацыі 2006», Смаленск), 3t.ON (Магілёў), Romantiside (Смаленск), Aillion (экс‑»Стая», Мінск), «Забыты горад» (Горкі).