Зноў скандал на фестывалі PRADMOVA: на дыскусіі пра беларускі тэатр выступаў адно рускі рэжысёр

Учора, 7 кастрычніка, у межах фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Варшаве адбылася дыскусія «Беларускі тэатр у выгнанні: як знайсці свой шлях». Але атрымалася сумнеўна, піша reform.by.

08.10.2023 / 12:38

У размове мусіць былі прыняць удзел: беларускі тэатральны рэжысёр Юра Дзівакоў і расійскі рэжысёр Іван Вырыпаеў (мадэратар сустрэчы — Андрэй Масквін). Але Юры Дзівакоў захварэў — і па тэме ў выніку разважаў у фармаце анлайн толькі спадар Вырапаеў. Вольна ці нявольна атрымалася, што голасам незалежнага беларускага тэатра стаў расійскій аўтар.

 Гэта абурыла тэатральную супольнасць.

«Вырыпаеў распавядае пра беларускі тэатр на фестывалі PRADMOVA. У арганізатараў не з’явілася думкі пазваць беларусаў? Пры тым, што тэатральных дзеячаў і дзяячак тут да халеры», — падняла пытанне беларуская тэатральная рэжысёрка, музыка і акторка Паліна Дабравольская.

E мінулым годзе PRADMOVA трапіла ў падобную сітуацыю. Арганізатары запрасілі на леташні форум расійскага кінакрытыка Антона Доліна — гэта справакавала хвалю рэакцый. У выніку Долін ад удзелу ў мерапрыемстве адмовіўся. 

Іван Вырыпаеў вядомы публіцы як рэжысёр фільмаў «Эйфарыя», «Кісларод», «Танец Делі», ды іншых. Ён з’яўляецца сузаснавальнікам прадзюсарскай кампаніі WEDA, і з 2014 года жыве ў Польшчы. Летась прыняў рашэнне аб адмове ад расійскага грамадзянства. Тады ж атрымаў польскае. У польскіх тэатрах ён ставіў спектаклі «Дзённік Жарабцовай Паліны» (Музей Паўстання, Варшава), «Дзядзя Ваня» (Польскі тэатр ім. Арнольда Шыфмана, Варшава). У 2021 разам беларускімі і польскімі акторамі паставіў спектакль «1.8 m», заснаваны на рэальных гісторыях палітзняволеных Беларусі.

Nashaniva.com