Два беларусы пацярпелі ў выніку ракетных абстрэлаў у Ізраілі
Два беларусы — маці і сын — пацярпелі ў выніку ракетных абстрэлаў горада Ашкелона. Горад знаходзіцца на паўднёвым захадзе Ізраілю, паведамляе МЗС Беларусі.
08.10.2023 / 13:10
Ізраільцяне аглядаюць завалы будынка праз дзень пасля таго, як у яго трапіла ракета, выпушчаная з сектара Газа, Тэль-Авіў, 8 кастрычніка 2023 г. Фота: Oded Balilty / AP Photo
Пацярпелых шпіталізавалі, ім аказваюць медыцынскую дапамогу. Стан аднаго з іх ацэньваецца як вельмі цяжкі. Каго менавіта, не ўдакладняецца. Імёны пацярпелых не называюцца.
У знешнепалітычным ведамстве адзначылі, што ў сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў Ізраілі за мінулыя суткі ў пасольства Беларусі ў Тэль-Авіве з рознымі пытаннямі звярнулася каля 30 беларусаў.
Усім грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ізраіля, рэкамендуюць строга выконваць указанні службы тылу і мясцовых уладаў.
Тэлефон для экстраннай сувязі з пасольствам Беларусі ў Ізраілі: +972 50 521 48 19.