Праз моцны вецер будаўнічы плот перагарадзіў праспект у Мінску
У Мінску моцны вецер пазносіў платы, раскідаў дарожныя агароджы і паваліў дрэва. Такое ж надвор'е ў Беларусі прагназуецца і ў панядзелак, 9 кастрычніка.
08.10.2023 / 19:49
Плот перагарадзіў праспект Незалежнасці каля Галоўпаштамта. Скрыншот відэа з інстаграма mc_maxim
На праспекце Незалежнасці вецер знёс будаўнічы плот ля Галоўпаштамта на праезную частку. У выніку перагарадзіў палову палос. Рабочыя аператыўна прыбралі яго з дарогі, паведамляе «Зеркало».
Непагадзь у Мінску. Скрыншот відэа з інстаграма mc_maxim
А на вуліцы Ваўпшасава парывамі ветру раскідала дарожную агароджу. Гэта таксама замінала праезду машын.
У раёне Трактарнага завода ветрам вырвала дрэва з зямлі. Суседнія елкі і вербы, аднак, не пацярпелі.
Нагадаем, сёння ў Беларусі захоўваецца моцны заходні і паўночна-заходні вецер — месцамі да 24 м/с. Уначы ў панядзелак, 9 кастрычніка, на большай частцы краіны, а днём па ўсходзе таксама чакаецца вецер парывамі 15-20 м/с. Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
У суботу, 7 кастрычніка, моцны вецер пашкодзіў пяць дахаў, паваліў 240 дрэў, былі пашкоджаны 32 аўта.