Падчас баёў у Ізраілі цяжка паранены генерал Арміі абароны — ураджэнец Беларусі
Учора стала вядома пра раненне генерал-маёра Рамана Гофмана, камандзіра вайсковай базы «Цээлім». Раненне адбылося падчас бою з тэрарыстамі ў Здэроце. Стан здароўя генерала пасля некалькіх аперацый ацэньваецца як цяжкі, але стабільны, піша ізраільскі Дзявяты канал.
10.10.2023 / 11:12
Раман Гофман. Фота: Wikimedia Commons
Раман Гофман нарадзіўся ў Мазыры ў 1976 годзе. У 1990 годзе рэпатрыяваўся з бацькамі ў Ізраіль. Вучыўся ў сярэдняй школе ў Ашдодзе, а потым у вайсковым інтэрнаце ў паселішчы Элі.
У 1995 годзе быў прызваны на службу ў бранятанкавыя войскі Арміі абароны Ізраіля. Служыў камандзірам узвода, а затым і камандзірам роты. У 2002 годзе браў удзел у аперацыі «Ахоўная сцяна». Затым быў прызначаны намеснікам камандзіра 71-га батальёна 188-й бранятанкавай брыгады. Потым займаў аналагічную пасаду ў 460-й бранятанкавай брыгадзе. Пазней служыў у штабе бранятанкавай дывізіі «Гааш».
У 2011-2013 гадах камандаваў 75-м батальёнам у 7-й бранятанкавай брыгадзе.
Раман Гофман у 2019 годзе стаў першым прадстаўніком Вялікай аліі, які дасягнуў звання генерал-маёра і атрымаў дывізію пад сваё камандаванне. Гофман стаў камандзірам дывізіі «Ха-Башан» у Паўночнай акрузе, якая гарантуе бяспеку Галанскіх вышынь і прылеглых да іх тэрыторый.
27 кастрычніка 2022 года заняў пасаду камандзіра Нацыянальнага цэнтра вучэнняў сухапутных войскаў.
Раман Гофман жанаты, мае трох дачок.
Чытайце таксама:
Прадстаўнік ЦАХАЛ прапанаваў жыхарам Газы бегчы ў Егіпет
Уначы ў сектары Газа прагрымелі магутныя выбухі
ХАМАС прыгразіў забіваць па адным закладніку ў адказ на кожны напад Ізраіля на грамадзянскія будынкі