У суботу чакаецца да +25°С. І гэта, здаецца, праўда

Прагноз надвор'я па Беларусі на 12—14 кастрычніка

11.10.2023 / 12:28

У чацвер умовы надвор'я ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону з цэнтрам над поўначчу Скандынавіі і цёплая паветраная маса.

Раніцай і днём пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер днём у многіх раёнах моцны парывісты.

Ноччу +7..+13°С, па паўднёвым захадзе Беларусі да +15°С, максімальная днём складзе ад +12°С па поўначы да +21°С па поўдні краіны. У Мінску чакаецца +15°С, магчымы кароткачасовы дождж.

У пятніцу будзе крыху халадней. Пераважна без ападкаў, толькі ноччу месцамі па поўдні чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Ноччу +2..+9°С, максімальная днём +10..+17°С. У Мінску +12°С.

14 кастрычніка, у суботу, умовы надвор'я будуць фарміраваць атмасферныя франты ад чарговага цыклону з цэнтрам над Швецыяй. Вецер паўднёва-заходні парывісты, у асобных раёнах моцны парывісты.

Ноччу +4..+10°С, па захадзе краіны да +13°С; максімальная днём будзе ад +17°С па паўночным усходзе да +25°С па паўднёвым захадзе Беларусі. У Мінску чакаецца +19°С.

А вось ужо ў нядзелю pogoda.by прагназуе, што ў Мінску будзе +10°С, gismeteo.by +16°С.

Але з пачатку наступнага тыдня адназначна будзе менш за +10°С.

Nashaniva.com