Выкладчыка ЕГУ, якога вінавацяць у харасменце, адхілілі ад працы. На некалькі дзён
Не сціхае скандал вакол Сяргея Сялецкага — выкладчыка ЕГУ і мастака, якога шэраг студэнтак і экс-студэнтак абвінавачваюць у харасменце. Універсітэт выдаў заяву, згодна з якой Сялецкага адхіляюць ад працы, а таксама ладзяць камісію па расследаванні справы.
11.10.2023 / 15:17
Заява, пра якую ідзе гаворка, з'явілася на сайце ЕГУ 10 кастрычніка. Паводле яе, адмысловая камісія будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю, каб ацаніць неабходнасць прымяніць далейшыя працэдуры, а таксама пільна разглядаць апісаныя ў медыя выпадкі. У заяве не сказана, што гаворка ідзе канкрэтна пра абвінавачванні Сялецкага ў харасменце — яго прозвішча не называюць, а скандал звязваюць з «магчымымі парушэннямі этычных стандартаў прафесійнай дзейнасці».
Прадстаўнікі ўніверсітэта сцвярджаюць, што ў склад камісіі ўключаныя студэнты, выкладчыкі, прадстаўнікі камісіі па акадэмічнай этыцы і Сената ЕГУ. Акрамя таго, універсітэт плануе стварыць асобную камісію з удзелам незалежных экспертаў, якая вывучыць абставіны, што сталі падставай для публікацый у медыя, і справаздачыцца асноўнай камісіі. Абяцаюць бяспечныя каналы камунікацыі і ананімнасць для ахвяр, чые кейсы камісія будзе разглядаць.
Згодна з заявай, цяпер Сяргей Сялецкі адхілены ад працы да 13 кастрычніка, але гэтае рашэнне можа быць працягнута.
Прадстаўнікі ЕГУ абяцаюць зладзіць ва ўніверсітэце асветніцкія мерапрыемствы наконт стандартаў прафесійнай этыкі, а таксама паляпшаць працу з парушэннямі акадэмічнай этыкі.
Скандал вакол Сяргея Сялецкага разгарэўся ў верасні. У адной з беларускіх прастор Вільні планавалася яго выстава, але праз абвінавачанні студэнтак у бок мужчыны выставу адмянілі. Падрабязней можна прачытаць у нашым артыкуле.