У Ізраілі ў баі з ХАМАС загінула 25-гадовая ўраджэнка Беларусі. Яна працавала ў паліцыі

Ураджэнка Беларусі, 25-гадовая Алена Астапенка загінула 7 кастрычніка. Яна працавала ў паліцыі і падчас нападу ХАМАС патрулявала вуліцы, піша канал «Осторожно, новости».

11.10.2023 / 19:28

Алена Астапенка пераехала ў Ізраіль з мамай і старэйшай сястрой у 2000 годзе. Сямʼя эмігравала з Рэчыцы, Алене тады было два гады.

«Яна была вельмі добрай дзяўчынкай, я яе памятаю, калі была маленькай», — распавёў выданню сябар сямʼі.

У Ізраілі Алена скончыла школу, пасля адслужыла тэрміновую службу ў войску, у апошні час жыла на поўдні краіны і працавала ў паліцыі.

Сябры сямʼі адзначаюць, што сама Алена не распаўсюджвалася пра сваю дзейнасць: некаторыя з іх толькі з навін даведаліся, што яна служыла ў паліцыі.

Раніцай 7 кастрычніка падчас нападу баевікоў ХАМАС на паўднёвыя паселішчы Ізраіля Алена патрулявала ўчастак у горадзе Афакім. Разам з іншымі паліцэйскімі і байцамі ЦАХАЛ адбівала напады баевікоў.

Як распавяла каналу «Осторожно, новости» мама Алены, дзяўчыну пахавалі ўчора ноччу.

Nashaniva.com