Ударніка рэпрэсій паставілі ў начальства РНПЦ нейрахірургіі і неўралогіі

Да нядаўняга часу Віталь Бялкоўскі працаваў у Следчым камітэце, а цяпер будзе адбіраць кадры ў РНПЦ.

12.10.2023 / 21:18

На сайце РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, у раздзеле «Аб цэнтры», можна знайсці склад начальства

Там, сярод дактароў найвышэйшай катэгорыі, кандыдатаў навук, медыкаў з багатымі прафесійнымі біяграфіямі, сціпла, нават без фота, з пустатой замест апісання кар'еры, вісіць прозвішча Віталя Мікалаевіча Бялкоўскага. 

Ведамі па нейрахірургіі Віталь Мікалаевіч не валодае — ён намеснік дырэктара «па бяспецы, рэжыме і кадрах».

Да нядаўняга мінулага ён — палкоўнік Следчага камітэта, браў непасрэдны ўдзел у палітычных рэпрэсіях. 

Змены ў кіраўніцтве заўважыў тэлеграм-канал «Белыя халаты». Асобу былога следчага пацвердзілі і «Нашай Ніве».

З лёгкай рукі Бялкоўскага на гады ў калонію адправіліся людзі, якія напісалі побач з месцам забойства Тарайкоўскага словы «Не забудзем». 

Гэты ж палкоўнік хлусіў пра тое, што пратэстоўцы нібыта нанеслі вялікія страты Мінску і «пашкоджвалі маёмасць», хаця дэманстрацыі праходзілі выключна мірна.

Наадварот, помніцца, як Мікалай Карпянкоў разбіў вітрыну мінскага кафэ O'Petit. 

У любым разе на новым месцы працы Бялкоўскі будзе адказваць за кадры ў той сферы, у якой сам не разбіраецца.

Галоўная ягоная задача не ў падборы і заахвочванні спецыялістаў у нейрахірургіі, а ў пошуку нелаяльных. 

Службу Бялкоўскі пачаў у 1996-м з пасады следчага ў Першамайскім РУУСе Мінска. Пасля стварэння Следчага камітэта стаў начальнікам упраўлення арганізацыі расследавання злачынстваў і каардынацыі аператыўна-службовай дзейнасці УСК па Мінску. Даслужыўся да намесніка начальніка ўпраўлення СК па Мінску. 

Nashaniva.com