«Мы не выканалі нашых абавязкаў». Кіраўнік Генштаба войска Ізраіля выступіў з першай заявай пасля атакі ХАМАС
Начальнік Генштаба Арміі абароны Ізраіля Герцы Халеві заявіў, што пры нападзе ХАМАС на тэрыторыі, якія мяжуюць з сектарам Газа, вайскоўцы не далі рады сваім абавязкам. Гэта першая заява Халеві з пачатку новага палесціна-ізраільскага канфлікту, піша «Медуза».
12.10.2023 / 17:34
Начальнік Генштаба Арміі абароны Ізраіля Герцы Халеві. Фота: Maya Alleruzzo, Pool / AP Photo
«Армія абароны Ізраіля нясе адказнасць за бяспеку краіны і яе грамадзян. І ў суботу [7 кастрычніка] у населеных пунктах, якія мяжуюць з сектарам Газа, мы не выканалі нашых абавязкаў. Мы разбяромся, чаму так адбылося, але зараз час ваяваць», — заявіў Халеві, выступаючы з прамовай на базе недалёка ад мяжы з Газай.
У сваёй заяве начальнік Генштаба арміі Ізраіля заявіў, што лідары сектара Газа сутыкнуцца з наступствамі – і будуць «знішчаны». Акрамя таго, у сваёй заяве Герцы Халеві заклікаў прыхільнікаў «Хезбалы» не ўмешвацца ў канфлікт.
Халеві выказаў спачуванні сем'ям загінулых і сказаў: «Кошт вайны высокі і цяжкі. Мы зробім усё, каб вярнуць палонных дадому».
Пры нападзе ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка пацярпелі раёны на поўдні краіны, якія мяжуюць з сектарам Газа.
Баевікі забілі і выкралі ўдзельнікаў музычнага фестывалю Universo Paralello, які праходзіў паблізу кібуца Рэім, таксама атакавалі кібуцы Кфар-Аз і Беэры, дзе забілі сотні жыхароў, некаторых людзей абезгаловілі.
Па апошніх даных, у Ізраілі ў выніку нападу баевікоў ХАМАС загінулі 1300 чалавек, каля 3300 пацярпелі. У сектары Газа, паводле звестак палесцінскіх улад, у выніку ўдараў арміі Ізраіля загінулі 1417 чалавек, пацярпелі больш за 6200.