На Піншчыне ўладальніка коннага клуба вінавацяць у кепскім абыходжанні з жывёламі. Той бароніцца: Я прыстойны чалавек і выжываю з божай дапамогаю

Скаргі на гэты конны клуб у Пінскім раёне пакідаюць не першы раз. Сам фермер упэўнены, што кепскае пішуць нядобразычліўцы. «Коні дапамагаюць хворым дзецям адолець немач. З-за гэтага жывёлы самі хварэюць», — тлумачыць ён.

13.10.2023 / 15:16

У коннай школе Паўла Шальпука ў 2019 годзе. Ілюстрацыйнае фота: media-polesye.by

«У коней праблемы са здароўем, а гаспадар нічога не робіць»

У групе «Конная Беларусь» у сацсетках з'явіўся ананімны пост з крыкам душы аб стане коннага клуба ў Пінскім раёне. Скаржнік вінаваціць уладальніка стайні — фермера з вёскі Галева Паўла Шальпука — у кепскім абыходжанні з жывёламі.

«Умовы там паганыя, хоць гаспадар гэта ўсяляк адмаўляе і кажа, што з канямі ўсё добра, але ўжо накіпела і хочацца раскрыць усю праўду», — абураецца ананімны аўтар паста.

Паводле яго, у стайні пастаянны гармідар і антысанітарыя. Дах не накрыты ўжо некалькі гадоў, зімой у ёй холадна і сыра, а ў некаторых месцах ляжыць снег. На тэрыторыі цяпер звалка.

Траўмаваныя коні фермера з Пінскага раёна — але фоты з ранейшых гадоў. Фота: сацыяльныя сеткі

З аповеду вынікае, што коней даглядаюць дзеці, якім гаспадар раздае ўказанні, а ў стайні «цалкам адсутнічае тэхніка бяспекі».

«Заўсёды гарлапаніць на дзяцей, адчытвае і выганяе са стайні за розныя дробязі, усяляк зневажае і нецэнзурна лаецца», — гаворыцца ў пасце.

Аўтар піша, што на стайні штогод паміраюць 1-2 кані. Улетку коні ядуць толькі траву, а тыя, якім не хапіла вяровак для выпасу, стаяць у стайні без ежы, наракае чалавек. Часам ім дастаецца крыху сена, але не найлепшай якасці.

Ён перажывае, што ў многіх коней праблемы са здароўем, а гаспадар нічога не робіць.

«Кучу разоў пісалі ў органы»

Ананімны пост сабраў багата каментароў. У многіх крытыкуецца не толькі ўладальнік стайні, але і тыя, хто карыстаецца паслугамі клуба. Гэта падлеткі, якія, як вынікае з допісаў, знаходзяцца ля коней без прыгляду дарослых.

Адзін з каментатараў піша, што стайня — «месца недагледжанае», хоць «яшчэ пару гадоў таму была ў добры стане», а на гаспадара неаднойчы скардзіліся.

«Варта задумацца, чаму кучу разоў пісалі ў органы, а коні дагэтуль там, толькі камерцыйную дзейнасць забаранілі, бо там няма дарослых, а дзеці па палях скачуць», — адзначаецца.

Так выглядаюць коні фермера на здымках, зробленых нядаўна. На жывёлах не заўважана прыкметаў траўмавання і выглядаюць яны здаровымі. Фота: сацыяльныя сеткі

Іншая каментатарка заступаецца за гаспадара і вінаваціць у непарадку на стайні тых, хто сваволіць там.

«Усе ходзяць, забаўляюцца, працягваюць разводзіць срач, а вінаваты ва ўсім у гэтым гаспадар коней. Чаму не пішаце, як тыя ж падлеткі адводзяць коней да сябе дадому, што наогул крадзеж. Не пішаце, як коней адвязваюць (а гэта хуліганства), каб яны ішлі ў горад і была нагода напісаць скаргу», — бароніць аўтарка паста фермера.

З яе заступніцтвам не ўсе згаджаюцца. Некаторыя лічаць, што на гаспадара стайні трэба пісаць у «органы, які правядуць праверку і зробяць заключэнне».

«На гаспадара ўжо стос заяў і яны нічым не дапамаглі. Некалькі гадоў таму была падобная сітуацыя, калі спрабавалі нешта зрабіць. Людзі пісалі заявы, здымалі, у якім стане коні, але ўсё без толку, усім нас*аць на тое, што там дзеецца», — канстатуе адзін з каментатараў.

«Гісторыя даўняя як свет, — з падсумаваннем гаворыцца ў адным з апошніх допісаў. — Закон аб абароне жывёл у нас не працуе. Коні — гэта маёмасць».

«Я прыстойны чалавек і выжываю з божай дапамогаю»

У каталогу фермерскіх гаспадарак Беларусі пазначана, што на Паўла Шальпука зарэгістраваная фермерская гаспадарка «БелАсаннаСвет». Яе род дзейнасці — «конны клуб». Месціцца стайня на ўскрайку вёскі.

Фермер у каментары праекту «1906» не прызнае абвінавачванняў у жорсткім абыходжанні з жывёламі. Ён настойвае, што ўсе «яны здаровыя і дужыя».

Па словах Шальпука, яго коні выкарыстоўваюцца для іпатэрапіі — яны дапамагаюць хворым дзецям адолець немач. З-за гэтага жывёлы самі хварэюць. Такога каня сфатаграфавалі і выклалі здымкі ў сацыяльныя сеткі. Гэтая жывёла была хворая і здохла.

«У нас не паказваюць добрае, а шукаюць кепскае ў жыцці», — тлумачыць ён. — Фатограф можа зрабіць здымак пад вуглом і конь выйдзе худым. Да мяне дактары прыязджалі і адказы давалі, што ў мяне ўсё добра».

Павел Шальпук. Фота: media-polesye.by

Павел Шальпук лічыць, што «кепскае пішуць ненармальныя людзі», а калі ім даказваць сваю правату, то «сам станеш ненармальным». 

Фермер кажа, што раней у яго было дзве стайні. Адну з іх забрала арганізацыя, якая знаходзіцца пад «раённым дахам», а цяпер робіцца ўсё, каб знішчыць другую. Усяго ж у яго было 22 кані. Цяпер — пятнаццаць.

Са слоў фермера, ён некалькі гадоў таму коней прадаў, а потым выкупіў.

«Для дзяцей я гэта ўсё ўтрымліваю і пакутую. Выжываю неяк з божай дапамогаю. Разумныя людзі мне дапамагаюць», — адзначае ён.

Пра сябе Павел Шальпук кажа, што ён «нармальны прыстойны чалавек, які не крадзе». Для коней накошвае траву, а таксама купляе ім пракорм.

«Прадаў бізнэсы, каб захаваць коней»

Паўла Шальпука ў 2019 годзе вінавацілі ў тым, што яго коні галадаюць. Па адной са скаргаў была створаная райвыканкамаўская камісія. У фермера быў статак з 18 коней.

«Інфармацыя, указаная ў звароце жыхаркі Пінска, не пацвердзілася. Коні знаходзяцца ў здавальняльным стане, у кармушках ёсць сена для жывёл», — канстатавала праверка.

У коннай школе фермера Паўла Шальпука. Фота: media-polesye.by

Гаспадара тады абавязалі зарэгістраваць жывёлаў. Ён меўся не пускаць непаўналетніх без суправаджэння бацькоў да коней і на тэрыторыю сваёй гаспадаркі. Таксама пагражалі прыцягненнем да адказнасці, калі ён дапусціць несанкцыянаваны выпас жывёл у недазволеных месцах.

Акрамя фермерства Шальпук, як прадпрымальнік, да 2019 года вырабляў надмагільныя помнікі і бетонную агароджу. Быў невялікі штат работнікаў. Абодва бізнэсы ішлі не вельмі паспяхова. Назапасілася вялікая запазычанасць па падатках. Суд пастанавіў спагнаць даўгі прымусова. Коней апісалі і пагражалі прадаць.

Фермер збыў бізнэсы і захаваў сваіх коней. Пазней зарэгістраваў фермерскую гаспадарку, якая лічыцца «конным клубам».

Шальпук тады заяўляў, што скаргі пішуць, каб забраць у яго коней, а затым пераправіць іх у Расію. 

Да Шальпука раней наведвалася нямала падлеткаў, якія хацелі даглядаць коней і вывучыцца верхавой яздзе, але пасля таго, як да яго дзейнасці сталі прыглядацца кантралёры, дзяцей паменела.

У коннай школе Паўла Шальпука. Фота: media-polesye.by

Фермер займаецца конямі 15 гадоў. Землякі не прыгадалі, каб за гэты час на яго стайні былі здарэнні.

Шальпук сваёй сям’і не мае. Паводле вяскоўцаў, усяго сябе прысвячае цяперашняму рамяству. Яго ўлюблёныя кнігі: Біблія і псалтыр. 

У вёсцы кажуць, што на плаве яму дапамагае заставацца «заступніцтва праваслаўнай царквы». Кантралёры не раз спынялі яго гаспадарчую дзейнасць, але з невядомых прычынаў свае рашэнні яны адмянялі.

Што да скаргаў, то ўсе яны былі ананімныя. Калі ж справа даходзіла да іх разбору, то скаржнікі не абʼяўляліся.

Глядзіце таксама:

«Можна і агарод узараць, і верхам на ім праехацца». За што цэняць беларускую пароду коней?

Адзіная беларуская парода коней можа знікнуць праз дзесяць гадоў

Конніца расказала пра пераезд у Польшчу і сакрэты коней

У вёсцы — ведзьма. Рэпетытарка з'ехала з Мінска ў вёску і не шкадуе

У Пінску арыштавалі трох удзельнікаў казацкага коннага паходу Масква — Берлін

Васіль Вашчыла