Хто інвестуе ў беларускія токены

У токены беларускіх кампаній укладваюць грошы больш за 13,5 тысячы інвестараў. Такія даныя выцякаюць са статыстыкі Finstore.by. Вось дзе жывуць інвестары і колькі з іх беларусаў.

13.10.2023 / 11:19

Кампанія «Фінстор» з'явілася ў 2019 годзе. Гэта пляцоўка прапануе інвестарам укладваць грошы пераважна ў развіццё буйных айчынных прадпрыемстваў і бізнэсаў, сярод якіх БелАЗ, МАЗ, Беларуская чыгунка, такія брэнды як KFC, АСБ Лізінг і многія іншыя. Акрамя беларускіх кампаній, на пляцоўцы перыядычна з'яўляюцца токены і замежных, у прыватнасці, з Расіі і Казахстана.

Пры гэтым калі паглядзець на структуру партфеля інвестараў, то ў пераважнай большасці выпадкаў гэта беларусы — 92,4%. Доля рэгістрацый на платформе, дзе ў анкеце паказваецца іншая краіна пражывання, складае 7,6%.

Часцей за ўсё беларускі інвестар жыве ў Мінску або сталічнай вобласці. На 2 і 3 месцы — паўднёвыя рэгіёны: Гомельская і Брэсцкая вобласці адпаведна. За імі на 4-м радку размясцілася Віцебская вобласць, а замыкаюць рэйтынг Магілёўскі і Гродзенскі рэгіёны адпаведна.

Цікава, што даволі шмат беларускіх інвестараў жыве ў невялікіх гарадах. Рэйтынг гарадоў абласнога падпарадкавання па колькасці пакупнікоў токенаў выглядае наступным чынам.

Першая тройка рэйтынгу складаецца з жыхароў Барысава, Бабруйска і Пінска. За імі на 4-м і 5-м радках размясціліся інвестары, прапісаныя ў Баранавічах і Рэчыцы. 6-ты радок дзеляць паміж сабой Кобрын і Мазыр. За імі ідуць Орша, Маладзечна і Салігорск. Замыкаюць топ-10 Ліда і Жлобін.

Што тычыцца жыхароў іншых дзяржаў, то з 2019 года на платформе інвеставалі з Дубая, Катара, Сінгапура і іншых краін. Узначальваюць жа рэйтынг замежных інвестараў грамадзяне Расіі і Казахстана.

Nashaniva.com