Праз 10 дзён брат знайшоў цела 74-гадовага мінчука ў валожынскім лесе. Яны разам прыехалі ў грыбы

У лясным масіве ў Валожынскім раёне 13 кастрычніка знойдзены мёртвым 74-гадовы мінчанін Мікалай Берасневіч. 3 кастрычніка мужчына збіраў грыбы і не выйшаў з лесу да машыны, на якой з братам прыехаў са сталіцы, піша kraj.by.

13.10.2023 / 22:58

Адразу былі арганізаваныя пошукі, у іх бралі ўдзел ратавальнікі МНС, супрацоўнікі міліцыі, салдаты тэрміновай службы, сваякі пажылога мінчука і валанцёры пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» разам з кіналагічнымі разлікамі.

— Нашы пошукавыя групы выязджалі ў Валожынскі раён на пошукі Мікалая Берасневіча чатыры разы. Апошнім разам — 10 кастрычніка. У гэты дзень лес прачэсвалі больш за 40 чалавек з чатырма сабакамі, — распавяла прэс-аташэ ПСА «Анёл» Юлія Коўган.

Фота: ПСА «Анёл»

— Калі б сёння мужчыну не знайшлі, у наступныя выходныя мы б працягвалі пошукі, але сваякі Берасневіча сёння каля 16:00 патэлефанавалі і паведамілі, што Мікалай знойдзены. Цела знайшлі пасля абеду прыкладна за 1 кіламетр 800 метраў ад таго месца, дзе стаяла машына, да якой Мікалай так і не дайшоў. Падчас арганізаваных пошукаў да гэтага пункта проста не дабраліся. Той участак не паспелі даследаваць з-за недахопу часу і рэсурсаў.

Зніклы Мікалай Берасневіч пакутаваў ад сардэчна-сасудзістых захворванняў. Прычыну смерці выявіць прызначаная следчым судова-медыцынская экспертыза.

Nashaniva.com