Расійская армія вядзе масіраваны штурм Аўдзееўкі. Што там адбываецца і чаму гэта важна

Спроба расійскіх войскаў прасунуцца ў раёне ўкраінскага горада Аўдзееўка, якую ў расійскіх каляваенных сацсетках называюць штурмам, даволі лагічная з пункту гледжання агульнай сітуацыі на фронце, піша ваенны карэспандэнт Бі-бі-сі Павел Аксёнаў.

14.10.2023 / 13:19

Украінская самаходная артылерыйская ўстаноўка 30-й брыгады вядзе агонь па расейскіх пазіцыях у Данецкай вобласц, 20 чэрвеня 2023 года. Evgeniy Maloletka / AP

Горад — цэнтр вялікага выступу, які ўдаецца ў расійскую абарону, і зрэзаць яго — вялікая спакуса для расійскага камандавання. Гэта дазволіла б адсунуць лінію фронту ад Данецка.

Але яшчэ важней для расійскіх сіл адцягнуць украінскіх вайскоўцаў ад іншых раёнаў — ад наступу ў Запарожскай вобласці і ў раёне Бахмута.

Саму Аўдзееўку і яе наваколлі ўкраінскія войскі ўтрымліваюць з 2014 года. Горад (дакладней, тое, што ад яго засталося) цяпер уяўляе з сябе даволі моцна ўмацаваны раён.

Ён знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад Данецка, і ўзяць гэты прамысловы прыгарад прарасійскія фармаванні спрабавалі не раз. Адно з абвастрэнняў здарылася ў 2017 годзе.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання горад стаў месцам моцных баёў. За гады баявых дзеянняў з артабстрэламі і авіяцыйнымі бамбардзіроўкамі Аўдзееўка была вельмі моцна разбурана, горад практычна ляжыць у руінах, што ўскладняе яго штурм.

Яшчэ адзін фактар — наяўнасць вялікага завода, коксахімічнага камбіната, які можа адначасова служыць і базай, і ўмацаваным пунктам, штурмаваць які вельмі цяжка. Праўда, расійскія войскі да яго не прарваліся, так што пра гэта гаворка не ідзе.

Штурмаваць у лоб сам горад расійскія войскі відавочна і не спрабуюць — мяркуючы па месцах баёў, яны хацелі б узяць яго хоць бы ў аператыўнае атачэнне, гэта значыць трымаць пад абстрэлам лініі забеспячэння. Гэта моцна ўскладніла б абарону.

Гэта можна лічыць класічнай тактыкай штурму горада — яго абараназдольнасць занадта моцна залежыць ад забеспячэння.

Аднак пакуль, нягледзячы на паведамленні прарасійскіх вайсковых блогераў, прасоўванне расійскіх войскаў пад Аўдзееўкай больш чым сціплае.

Гэта ўкладаецца ў агульную канву расійска-ўкраінскай вайны на гэтым этапе. Яна канчаткова перайшла ў пазіцыйную, і ніводны з бакоў не валодае настолькі значнай перавагай у сіле, каб здзейсніць прарыў фронту з выхадам на аператыўны прастор.

Як і на іншых кірунках, дзе расійскія войскі спрабуюць атакаваць, расійскае войска не можа сабраць досыць вялікі ўдарны кулак каб прабіць украінскую абарону. Расійскай арміі проста не хапае на гэта сіл і сродкаў.

Магчыма, гэта ў хуткім часе прывядзе да чарговага замірання фронту — доўга і павольна штурмаваць умацаваны можна, толькі маючы вялікі запас снарадаў для артылерыі і дастатковую колькасць гармат.

Аднак і гэтага, мяркуючы з паведамленняў, у расійскага войска на гэтым участку няма.

Чытайце таксама:

Падаляк пра контрнаступ: Мы адстаем ад графіка на шэсць-дзевяць месяцаў

Зяленскі: Мне здаецца, што мы знаходзімся ў апошняй стадыі вайны, але самай складанай

Чаму Украіна не здолела прарвацца да Азоўскага мора? І што гэта значыць для рэгіёна?

Nashaniva.com