Зяленскі папрасіў украінскіх журналістаў не пісаць пра карупцыю ў войску «да перамогі»
Пасля выхаду журналісцкага расследавання пра завышаныя цэны на прадукты для Мінабароны прэзідэнт Украіны непублічна заклікаў вядомыя медыя часова не прасоўваць тэму карупцыі.
14.10.2023 / 17:01
Фота: ГУР МА Украіны
Пра гэта на канферэнцыі National Media Talk 2023, якая праходзіла ў Кіеве, расказала галоўная рэдактарка ZN.UA Юлія Маставая, піша NV.
Яна назвала той выпадак «маленькай гісторыяй, дзе ў кроплі вады адлюстроўваецца свет».
Пра сустрэчу Зяленскага з журналістамі ў рэжыме «без запісу» Маставой распавялі калегі, бо саму яе не запрасілі. Кіраўнік Украіны прасіў прэсу не пісаць аб карупцыі.
«У плане карупцыі мы б прынялі гэтыя ўмовы, калі б прэзідэнт сказаў: «Я не хачу, каб гэтая з'ява раз'ядала нашы тылы, адбівалася на магчымасцях фронту. І таму, вось чалавек — Андрэй Барысавіч [Ярмак — кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны], іншыя людзі, хто заўгодна. Вось ягоны тэлефон. Калі ў вас ёсць аргументаваныя трэкі, факты, прыйдзіце, калі ласка, дадайце іх гэтаму чалавеку, ён адразу возьме трубку. І дайце нам тыдзень на рэагаванне. Калі за тыдзень рэагавання не будзе, друкуйце, паказвайце, пішыце. Але дайце нам шанец выправіцца», — сказала Маставая.
Аднак такой прапановы ад Зяленскага не прагучала, канстатавала яна.
«Ён сказаў: маўчыце да перамогі. Калі будзем маўчаць, ніякай перамогі не будзе», — лічыць галоўная рэдактарка ZN.UA.
Пасля яшчэ аднаго карупцыйнага скандалу, звязанага з закупкай зімовага адзення для вайскоўцаў, 4 верасня міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў напісаў заяву аб адстаўцы, на наступны дзень Вярхоўная Рада яго звольніла.