Ізраіль адклаў наземную аперацыю ў сектары Газа з-за надвор'я — NYT
Уварванне ізраільскіх войскаў у сектар Газа першапачаткова планавалася на выхадныя, але было адкладзена на некалькі дзён — у тым ліку з-за ўмоў надвор'я, якія ўскладнілі б ізраільскім пілотам і аператарам беспілотных лятальных апаратаў прыкрыццё наземных сіл з паветра, піша The New York Times са спасылкай на некалькіх ізраільскіх афіцэраў.
15.10.2023 / 08:47
Ізраільскі салдат трымае сабаку ў кібуцы Кфар-Аза ў аўторак, 10 кастрычніка 2023 года. Баевікі ХАМАС захапілі Кфар-Азу ў суботу, дзе многія ізраільцяне былі забітыя і ўзятыя ў палон. Фота: AP Photo / Erik Marmor
Акрамя пяхоты, у склад ізраільскіх ударных сіл увойдуць танкі, сапёры і спецназ.
Складанасць ўварвання пагаршаецца тым, што ХАМАС, як мяркуюць, утрымлівае многіх ізраільскіх закладнікаў разам з сабой у сваіх падземных бункерах і тунэлях. Ізраільскія ваенныя аналітыкі кажуць, што ХАМАС можа выкарыстоўваць закладнікаў у якасці жывога шчыта.
Чакаецца, што гэты напад стане найбуйнейшай наземнай аперацыяй Ізраіля з моманту яго ўварвання ў Ліван у 2006 годзе. Па словах трох старшых афіцэраў, з якімі гаварыла выданне, гэта таксама была б першая спроба Ізраіля захапіць зямлю і хаця б ненадоўга ўтрымаць яе пасля свайго ўварвання ў Газу ў 2008 годзе.
Аперацыя рызыкуе ўкінуць Ізраіль у шматмесячныя кровапралітныя гарадскія баі, як наземныя, так і ў лабірынце тунэляў — небяспечнае наступленне, якога Ізраіль доўгі час пазбягаў, паколькі яно прадугледжвае вядзенне баявых дзеянняў на вузкім і шчыльна заселеным кавалку зямлі, дзе жыве больш за 2 мільёны чалавек.
Застаецца незразумелым, што Ізраіль зробіць з сектарам Газа, калі захопіць яго, і што менавіта маюць на ўвазе ізраільскія афіцыйныя асобы, калі апісваюць знішчэнне кіраўніцтва ХАМАС.
Чытайце таксама:
Квенцін Таранціна прыехаў на базу ЦАХАЛ, каб падтрымаць вайскоўцаў
Сітуацыя на Заходнім беразе ракі Іардан максімальна абвастрылася
ЦАХАЛ: Забіты камандуючы спецназам ХАМАС, які кіраваў нападам на ізраільскія мястэчкі 7 кастрычніка
Ізраіль прапанаваў жыхарам сектара Газа эвакуявацца сёння да 16:00