У Курскай вобласці 18 дронаў трапілі ў лагер вайскоўцаў ля аэрадрома Халіна — СБУ

У гэтым раёне размяшчалася да трох тысяч расійскіх вайскоўцаў і блізу 80 адзінак вайсковай тэхнікі.

18.10.2023 / 12:09

Атаку дронаў на Курскую вобласць у ноч на сераду арганізавала Служба бяспекі Украіны, сама меней 18 беспілотнікаў трапіла ў лагер расійскіх вайскоўцаў ля аэрадрома Халіна, сцвярджае крыніца Украінскай службы Бі-бі-сі ў СБУ.

Паводле ягоных звестак, у гэтым раёне размяшчалася да 3 тысяч расійскіх вайскоўцаў і каля 80 адзінак вайсковай тэхнікі.

«Пакуль дакладная колькасць варожых страт удакладняецца, але відавочна, што пашкоджанні былі сур'ёзнымі: зафіксавана прынамсі 18 траплянняў дронаў СБУ па лагеры», — заявіла крыніца.

Мінабароны Расіі раней заявіла аб 28 беспілотніках, збітых над Белгародскай і Курскай абласцямі і над Чорным морам.

Губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт заявіў, што над рэгіёнам было збіта шэсць беспілотнікаў самалётнага тыпу, яшчэ чатыры — знішчаныя сродкамі РЭБ. Пацярпелых і разбурэнняў, паводле яго, няма.

Nashaniva.com