У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава да 100-годдзя літаб'яднання «Маладняк»
Аб’яднанне «Маладняк» паўстала як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк». Датай яго стварэння лічыцца 28 лістапада 1923 года, калі ў мінскім камсамольскім клубе «КІМ» сабраліся шэсць маладых пісьменнікаў — Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча — і вырашылі стварыць літаратурнае аб’яднанне. Чатыры з іх праз 15 гадоў былі расстраляныя.
18.10.2023 / 12:24
Стваральнікі літаратурнага аб’яднання «Маладняк»: Язэп Пушча, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч. Фота: nlb.by
Філіялы «Маладняка» былі арганізаваныя ў Маскве, Віцебску, Полацку, Магілёве і іншых гарадах, а потым аформілася Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». Нягледзячы на тое, што спачатку арганізацыя не мела ні належнага фінансавання, ні ўласнага будынка, яе папулярнасць сярод моладзі расла вельмі хутка, і ўжо ў 1925—1926 гадах колькасць сяброў дасягала 500 чалавек, колькасць філіялаў — 12.
З «Маладняка» выйшлі вядомыя пісьменнікі і паэты — Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Міхась Зарэцкі, Паўлюк Трус, Міхась Чарот, Ян Скрыган, Язэп Пушча, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка і многія іншыя.
Тэматычная выстава «Маладняк» — старонка гісторыі беларускай літаратуры», прымеркаваная да 100-годдзя з часу ўтварэння першага літаратурнага аб’яднання пісьменніцкай моладзі, праходзіць з 18 кастрычніка па 3 снежня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205), піша Reform.by.
Экспазіцыя знаёміць з шырокім колам як асобных выданняў твораў маладнякоўцаў 20-х — 30-х гадоў, так і з іх часопіснымі публікацыямі.
Да 100-годдзя літаб’яднання ўжо пяты год Нацыянальная бібліятэка вядзе маштабны праект «На хвалі часу, у плыні жыцця», у якім можна пазнаёміцца з віртуальнымі экспазіцыямі, прысвечанымі ўдзельнікам згуртавання.
Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.