Руслан Лісаковіч агрэсіўна чапляўся да мінакоў, а потым моцна ўдарыўся галавой аб асфальт — Трыбуна

Аперацыя не спатрэбілася, але медыкі пакінулі яго пад наглядам.

18.10.2023 / 16:43

Руслан Лісаковіч. Фота: «Дынама» (Махачкала)

Гулец моладзевай зборнай і махачкалінскага «Дынама» Руслан Лісаковіч атрымаў траўму галавы пры падзенні на асфальт пасля гасцявога матча з Партугаліяй (1:6), паведамляе «Трыбуна».

Пасля гульні некаторыя футбалiсты дазволілі сабе алкаголь, што адбылося ў зборнай не першы раз, паведамляе выданне.

Пасля гэтага група беларускіх футбалістаў накіравалася ў горад Барселуш, дзе праходзіла гульня. У нейкі момант Лісаковіч стаў агрэсіўна прыставаць да людзей, што ледзь не прывяло да бойкі. Партнёры спрабавалі ўціхамірыць Руслана, аднак той не паддаваўся.

У выніку Лісаковіч не без дапамогі тых, да каго прыставаў, упаў на асфальт і моцна ўдарыўся галавой. Пасля гэтага была выклікана хуткая дапамога, якая даставіла гульца ў бальніцу. Там пасля абследавання вырашылі, што аперацыйнае ўмяшанне не патрабуецца, аднак адпускаць гульца адмовіліся, пакінуўшы яго пад назіраннем.

Па даных Трыбуны, на раніцу серады Лісаковіч усё яшчэ знаходзіўся пад назіраннем партугальскіх дактароў. Адразу пасля шпіталізацыі футбаліст пачуваўся даволі кепска, але паступова яго стан паляпшаецца.

Руслану Лісаковічу 21 год, ён гуляе за «Дынама» з Махачкалы (другі расійскі дывізіён). Ён лічыцца адным з найбольш таленавітых маладых гульцоў Беларусі. Дэбютаваў за нацыянальную зборную раней за моладзевую. Ягоныя старэйшыя браты Віталь і Дзмітрый таксама футбалісты.

Чытайце таксама:

Журналіст сцвярджае, што футбаліст моладзевай зборнай пабіўся і трапіў у бальніцу ў Партугаліі. Жонка абвяргае

Nashaniva.com