На трэці форум «Пояс і шлях» Лукашэнку не запрасілі. Як гэта тлумачаць дзяржаўныя СМІ?
Сёлетні форум у Пекіне адбыўся без Аляксандра Лукашэнкі, які прысутнічаў на двух папярэдніх. Але дзяржаўныя СМІ зрабілі выгляд, што так і трэба.
19.10.2023 / 20:36
Кітайскі нацыянальны канферэнц-цэнтр, дзе праходзіла цырымонія адкрыцця трэцяга форуму «Пояс і шлях». Фота: AP Photo / Andy Wong
БелТА 17 кастрычніка паведаміла, што «дэлегацыя Камітэта дзяржаўнага кантролю на чале са старшынёй ведамства Васілём Герасімавым возьме ўдзел у мерапрыемствах форуму міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях».
Газета Адміністрацыі Лукашэнкі «Беларусь сегодня» паведаміла:
«Беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Васілём Герасімавым наведае мерапрыемствы ІІІ Форуму міжнароднага супрацоўніцтва «Адзін пояс — адзін шлях».
Тэма выступлення Герасімава — «Пытанні прагрэсу і ўкладу ў сферу барацьбы з карупцыяй». Яно адбылося на адным са шматлікіх мерапрыемстваў — тэматычным форуме «Чысты Шоўкавы шлях», дзе прадстаўнікі «звыш 30 краін і міжнародных арганізацый абмяркоўвалі пытанні барацьбы з карупцыяй».
Акрамя выступлення на панэльнай дыскусіі, як паведаміла БелТА, адбыліся сустрэчы Герасімава з кітайскімі чыноўнікамі яго ўзроўню.
У стужцы навін БелТА можна знайсці паведамленне пра паездку Пуціна ў Кітай, яго сустрэчу падчас форуму з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам, выступленне на форуме генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша з заклікам да неадкладнага спынення агню на Блізкім Усходзе.
«Беларусь сегодня» цытуе словы ўсходазнаўца Мікалая Вавілава, якія ён выказаў у эфіры Першага канала Расіі, аб тым, што форум ёсць
«глабальным выклікам для ЗША, спробай пабудаваць уласны парадак, які б улічваў інтарэсы Пекіна. Гэта мерапрыемства, па сутнасці, свайго роду агляд саюзнікаў Кітая, якія ў нейкім сэнсе супрацьстаяць ЗША».
Ну, а адным з галоўных гасцей, як адзначыў Вавілаў, зʼяўляецца Уладзімір Пуцін.
Газета адміністрацыі Лукашэнкі апублікавала паведамленне ТАСС аб тым, што Пуцін падзяліўся падрабязнасцямі трохгадзіннай размовы з Сі Цзіньпінам.
«Беларусь сегодня» на сваім сайце змясціла таксама меркаванне аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксея Аўдоніна, які назваў форум «пачаткам працэсу спынення 400-гадовага панавання англасаксонскай імперыі над астатнім светам».
Не абышлося без згадкі «жамчужыны» праекта — кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».
Выданне (услед за БелТА) цытуе словы з выступлення на форуме Міхаіла Мясніковіча як старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі аб тым, што
«кіраўнікі ўсіх дзяржаў ЕАЭС падтрымалі ідэю старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб спалучэнні еўразійскай інтэграцыі і ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».
Аб працы форуму паведаміла і Беларускае тэлебачанне. У перадачы за 17 кастрычніка паказалі архіўныя кадры першага форуму і словы Лукашэнкі. А вось у рэпартажы пра другі дзень адзначана, што
«на цырымоніі адкрыцця выступілі партнёры Беларусі па Еўразійскім эканамічным саюзе — прэзідэнты Расіі і Казахстана».
Скрыншот рэпартажу з форуму карэспандэнта БТ
У заключным рэпартажы карэспандэнт даў слова Васілю Герасімаву, а пазней паведаміў, што ў форуме ўдзельнічала больш за 140 краін і 30 міжнародных арганізацый.
А журналістка выдання China Daily ў інтэрв'ю адзначыла, што, «нягледзячы на тое, што заходнія медыя абвінавачваюць Кітай у спробе каланізаваць краіны з дапамогай гэтага праекта, удзельнікі форуму бачаць, што ініцыятыва працуе на карысць усім».
Чытайце яшчэ:
Чаму Кітай не запрасіў Лукашэнку на трэці форум «Пояс і шлях»
Перад выступам Пуціна ў Пекіне некалькі чалавек выйшлі з залы
Двайнік ці не? Паездка Пуціна ў Пекін зноў нарадзіла спрэчкі. Глядзім ФОТЫ