У Казані затрыманая рэдактар татара-башкірскай службы «Радыё Свабода». Яна прыехала ў Расію па асабістых абставінах

Журналістку татара-башкірскай службы «Радыё Свабода» Алсу Курмашаву абвінавацілі ў адмове зарэгістравацца «іншаагентам», піша «Настоящее время».

19.10.2023 / 08:48

 Алсу Курмашава

Алсу Курмашава пастаянна жыве ў Празе са сваім мужам і двума дзецьмі. Яна прыляцела ў Расію па асабістых абставінах. Акрамя расійскага, у яе таксама ёсць амерыканскае грамадзянства. 

У Расію Курмашава адправілася 20 мая ў сувязі з неадкладнай сямейнай неабходнасцю. Яна была затрыманая 2 чэрвеня падчас чакання рэйса ў Чэхію. 

Супрацоўнікі аэрапорта Казані канфіскавалі абодва пашпарты Курмашавай. Журналістка была аштрафаваная за невыкананне патрабавання аб рэгістрацыі амерыканскага грамадзянства ў расійскіх органах улады. Яна чакала вяртання ёй пашпартоў, але 18 кастрычніка было абʼяўлена аб новым абвінавачанні. 

Курмашава — дасведчаны журналіст, яна шмат гадоў піша аб праблемах нацыянальных меншасцяў у Татарстане і Башкартастане.

З 2012 года ў Расіі дзейнічае заканадаўства аб замежных агентах. Як сцвярджаюць прадстаўнікі многіх замежных урадаў і міжнародных праваабарончых арганізацый, яно выкарыстоўваецца для пакарання паслядоўных крытыкаў расійскіх улад.

З канца 2022 года членам рэестра «іншаагентаў» забаранілі выкладаць у дзяржаўных і муніцыпальных ВНУ і школах, таксама яны не могуць быць арганізатарамі публічных мерапрыемстваў і членамі выбарчых камісій.

Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода і яе рэдакцыі ўнесеныя Міністэрствам юстыцыі Расіі ў спісы «замежных агентаў» у 2017 годзе. РСЕ / РС ніколі не прызнавала правамоцнасць гэтага рашэння. 

Nashaniva.com