Адкладванне будзільніка раніцай не шкодзіць сну і можа палепшыць стан арганізма — даследаванне
Паводле навукоўцаў з ЗША і Швецыі, ранішняя дрымота і неўставанне з ложка з першым жа гукам будзільніка абсалютна бясшкодныя для здароўя чалавека.
22.10.2023 / 23:55
Фота: Anastasia Babenko / Getty Images
Даследаванне, апублікаванае ў навуковым часопісе Journal of Sleep Research, раскрывае новыя асаблівасці ранішняга сну ў людзей, якія не любяць уставаць з першым гукам будзільніка.
Падрабязнасці пераказвае агенцтва NBC News.
Згодна з аналізам амерыканскіх і шведскіх навукоўцаў, у якім удзельнічала 1732 дарослыя чалавекі з сярэднім узростам каля 27 гадоў, перанос будзільніка раніцай ніяк не адбіваецца на якасці сну, а сама дрымота паміж будзільнікамі можа нават паляпшаць кагнітыўныя здольнасці чалавека.
«69% з 1732 удзельнікаў даследавання прызналіся, што адкладаюць час на сваіх будзільніках раніцай мінімум адзін раз, а 60%, у сваю чаргу, адзначылі, што часцей за ўсё ў гэты час засынаюць.
А пасля больш падрабязнага аналізу сну ў 31 чалавека высветлілася, што і ў тых, хто пераносіў будзільнікі, і ў тых, хто не пераносіў, цэласнасць сну была аднолькавай. Пры гэтым тыя, хто пераносіў будзільнік і працягваў драмаць, на працягу 40 хвілін пасля ўставання з ложка мелі больш хуткую рэакцыю і лепшыя матэматычныя здольнасці», — распавялі аўтары новага даследавання.
Навукоўцы адзначылі, што паэтапны выхад з начнога сну і адкладванне будзільніка хаця б раз на паўгадзіны здольныя прывесці да больш мяккага абуджэння і большай бадзёрасці.
Але таксама яны дадалі, што даследаванне праводзілася толькі на тых, хто не мае праблем са сном і ўмее драмаць. У астатніх жа выпадках патрэбны далейшыя назіранні.
Чытайце таксама:
Хто позна кладзецца, у тых рызыка дыябету — новае даследаванне
У праграме з беларускімі каранямі для жанчын з'явіўся функцыянал для мужчын