У аэрапорце Вільні неспадзявана сеў лайнер, што ляцеў у Маскву

Самалёт рэйсам Анталья — Масква здзейсніў незапланаваную пасадку ў Віленскім аэрапорце, пасля чаго працягнуў свой палёт. Літоўскія аэрапорты зазначаюць, што гэта быў прыпынак, выкліканы форс-мажорнымі абставінамі, піша Delfi.lt.

19.10.2023 / 13:18

Ілюстрацыйнае фота: старонка Віленскага аэрапорта ў фэйсбуку

Cпачатку самалёт зрабіў пятлю паміж Вільняй і Коўнам (Каўнасам), а потым сеў у сталіцы Літвы. Пасля поўначы самалёт турэцкай авіякампаніі Southwind Airlines вылецеў з Вільні ў Маскву.

«У адной з пасажырак пачаліся праблемы са здароўем, таму самалёт здзейсніў незапланаваную пасадку ў Вільні. Выклікалі хуткую, якая аказала неабходную дапамогу. Пазней самалёт адправіўся ў Маскву», — сказаў прэс-сакратар літоўскіх аэрапортаў Тадас Павілаўскас.

Кампанія «Паветраная навігацыя» сказала Delfi, што самалёт і перавозчык зарэгістраваныя ў Турцыі.

«На гэты авіялайнер абмежаванні не распаўсюджваюцца. Гэта была аварыйная пасадка з-за здароўя пасажыра», — сказала кіраўніца кампаніі Інгрыда Нуабарэ.

Яна дадала, што санкцыі ЕС распаўсюджваюцца толькі на самалёты, зарэгістраваныя ў РФ, і на самалёты грамадзян РФ, выключэнне робяць на выпадак аварыйнай пасадкі.

Nashaniva.com