Прапагандысты раскрылі яшчэ адну тугу эмігранта — па гаспадарчым мыле

Гомельскі тэлеканал зрабіў сюжэт пра адкрыццё «самага маленькага помніка» Беларусі — гаспадарчаму мылу.

19.10.2023 / 15:52

Як гаворыцца ў сюжэце, мыла, якое робіць Гомельскі тлушчавы камбінат больш за 90 гадоў, карыстаецца вялікай папулярнасцю. Кожны месяц тлушчавы камбінат вырабляе да 300 тон гэтай прадукцыі. Яно карыстаецца вялікім попытам у Беларусі, яго пастаўляюць у Расію і Казахстан, распавядаюць у сюжэце.

«А ў верасні партыя такога мыла была адгружаная ў ЗША — нашы былыя суайчыннікі, якія жывуць за акіянам, сумуюць па старым добрым савецкім мыле», — гаворыць аўтарка сюжэта.

Таксама ў сюжэце нагадваюць, што патрэба ў мыле вялікая не толькі ў мірны час, але і ў ваенны. «Таму я лічу, яно будзе жыць яшчэ доўга», — гаворыць ветэран прадпрыемства Зінаіда Чабатарова.

Nashaniva.com