ЗША прыпынілі санкцыі супраць венесуэльскай нафты, але з палітычнымі ўмовамі
Злучаныя Штаты прыпынілі санкцыі ў дачыненні да здабычы нафты, газу і золата ў Венесуэле, а таксама знялі некаторыя абмежаванні па гандлі дзяржаблігацыямі. Гэты крок — спроба павялічыць прапанову нафты на сусветным рынку і стрымаць рост цэн на яе, мяркуюць эксперты Bloomberg.
19.10.2023 / 18:10
Фота: Getty Image
Напярэдадні, 17 кастрычніка, прадстаўнікі лідара венесуэльскага рэжыму Нікаласа Мадура дамовіліся на сустрэчы ў Барбадосе з «Аб'яднанай платформай» — апазіцыйнымі палітыкамі, якіх падтрымліваюць ЗША, — аб правядзенні выбараў прэзідэнта ў другім паўгоддзі 2024 года. Сачыць за імі запросяць міжнародных назіральнікаў.
Пасля гэтага Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла на паўгода дзеянне санкцый, якія забараняюць фінансавыя аперацыі з энергетычным і золатаздабыўным сектарамі Венесуэлы. Таксама знята забарона на гандаль дзяржаблігацыямі і абарачэнне на другасным рынку некаторых бондаў нафтавай дзяржкампаніі PDVSA. Аднак дазволы могуць быць адкліканыя, калі Каракас не выканае свае абяцанні па арганізацыі сумленных і свабодных выбараў, папярэдзіў Вашынгтон.
Такія дзеянні ЗША мусяць рабіць дзеля таго, каб павялічыць на рынку прапанову нафты, цэны на якую з-за старанняў Расіі і Саудаўскай Аравіі 13 кастрычніка перавысілі 90 даляраў за барэль.
Чытайце таксама:
Наталля Качанава назвала Венесуэлу надзейным партнёрам, добрым таварышам і сябрам Беларусі
Венесуэла далучылася да плацежнай сістэмы «Мір»
Чаму Кітай не запрасіў Лукашэнку на трэці форум «Пояс і шлях»