Крыніца ў еўрапейскай разведцы: Ля бальніцы Аль-Ахлі загінулі максімум 50 чалавек

Групоўка ХАМАС, якая кантралюе Газу, сцвярджае, што ў выніку выбуху загінуў 471 чалавек.

20.10.2023 / 07:29

Палесцінцы аглядаюць месца выбуху ля бальніцы Аль-Ахлі ў горадзе Газа. Фота: Abed Khaled / AP

Высокапастаўленая ананімная крыніца ў разведцы адной з еўрапейскіх краін сказала агенцтву AFP, што, па яе ацэнцы, у выніку выбуху каля бальніцы Аль-Ахлі ў аўторак у Газе загінулі максімум 50 чалавек, а не амаль 500, як сцвярджае ХАМАС, піша Бі-бі-сі.

Групоўка ХАМАС, якая кантралюе Газу, сцвярджае, што ў выніку выбуху загінуў 471 чалавек.

ХАМАС сцвярджае, што ўдар па бальніцы нанёс Ізраіль, ізраільская армія даказвае, што на паркоўку ля бальніцы ўпала ракета, выпушчаная групоўкай «Ісламскі джыхад».

Газета Times of Israel нагадвае, што ў дакладнасці звестак ХАМАС пра колькасць загінулых сумняваецца і ізраільская армія. Яе прэс-аташэ Джонатан Конрыкус публічна задаваў пытанне: «Дзе ж усе гэтыя целы?»

Суразмоўцы CNN ва ўладных структурах ЗША выказвалі здагадку, што ў Аль-Ахлі ў выніку выбуху і пажару маглі загінуць 100-300 чалавек.

Карэспандэнты замежных агенцтваў і выданняў бачылі на паркоўцы ля бальніцы дзясяткі целаў.

На фотаздымках, зробленых раніцай у сераду, відаць, што выбух пакінуў толькі параўнальна невялікую варонку на паркоўцы, але ўсе аўтамабілі на ёй згарэлі. Будынкі вакол пашкоджаныя нязначна.

Чытайце таксама:

Мінздароўя Газы заявіла, што ў выніку ўдару па бальніцы «Аль-Ахлі» загінуў 471 чалавек. Ізраіль сумняваецца

Падчас атакі ХАМАС загінула 12-гадовая дзяўчынка, пра якую расказала Джаан Роўлінг

Ізраіль публікуе гутарку, як сцвярджаецца, паміж баевікамі ХАМАС. Тыя абмяркоўваюць запуск ракеты па бальніцы ў сектары Газа

Nashaniva.com