Зяленскі анансаваў чарговую сустрэчу па «формуле міру» на Мальце да канца месяца
«Як заўсёды, змястоўная размова саюзніцкая. Моцны сігнал падтрымкі — столькі, колькі трэба, каб атрымаць перамогу», — расказаў прэзідэнт Украіны пра ўчорашнюю тэлефонную размову з Джо Байдэнам.
20.10.2023 / 08:22
Уладзімір Зяленскі. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны
«Мы абмеркавалі далейшыя сумесныя крокі ў абароне свабоды. Абмеркавалі абаронную падтрымку, сярод іншага тое, што «ATACMS» могуць дапамагчы нам паскорыць вызваленне Украіны ад акупанта. Вядома, мы гаварылі і аб захаванні дапамогі Украіне ў наступным годзе — аб важкім пакеце падтрымкі для нашай дзяржавы», — напісаў прэзідэнт Украіны ў сваім тэлеграм-канале.
Ён заявіў, што ЗША будуць падтрымліваць рэалізацыю формулы міру.
«І я праінфармаваў прэзідэнта Байдэна аб наступнай буйной міжнароднай сустрэчы па формуле міру, якая адбудзецца на Мальце ў гэтым месяцы», — заключыў Уладзімір Зяленскі.
У 2022 годзе падчас сустрэчы G20 на Балі Уладзімір Зяленскі ўпершыню прадставіў украінскую формулу міру. Яна складаецца з 10 пунктаў, але калі сцісла, то яна прадугледжвае вывад салдат з акупаваных тэрыторый, стварэнне суда для разгляду злачынстваў акупантаў, а таксама ўвядзенне мер па бяспецы экспарту харчовых прадуктаў, зніжэння ядзерных рызык і навакольнага асяроддзя.
Першыя дзве сустрэчы прайшлі летам 2023 года ў Даніі і Саудаўскай Аравіі.
Чытайце таксама:
Заходнія медыя пацвярджаюць першае выкарыстанне ракет ATACMS ва Украіне